У Беларусі рэзка ўзрасла колькасць кляшчоў
На тэрыторыі Беларусі рэзка ўзрасла колькасць кляшчоў.
Як паведамляе Рэспубліканскай цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, па выніках энтамалагічнага маніторынгу ў лясах краіны ў красавіку бягучага года, колькасць кляшчоў ўзрасла ў 1,5 разы ў параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года. Гэтаму, як і ранняй актыўнасці павукападобных, спрыяла высокая тэмпература паветра ў красавіку і маі, адзначаюць спецыялісты.
Паводле звестак медыкаў, з пачатку года па медыцынскую дапамогу з прычыны ўкусаў кляшчоў звярнуліся больш як 1,8 тысячы чалавек, што перавышае ўзровень зваротаў мінулага года.
Найбольшая колькасць нападаў кляшчоў адзначаецца ў лесе і сельскай мясцовасці. На долю ўкусаў кляшчоў, адзначаных у гарадской мяжы, даводзіцца толькі 10-11% усіх зарэгістраваных выпадкаў.
Штогод каля 40 тысяч чалавек звяртаюцца да медыкаў наконт укусаў кляшчоў — пераносчыкаў розныя захворванняў, самымі небяспечнымі з якіх з’яўляюцца Лайм-барэліёз і клешчавы энцэфаліт. Штогод у краіне фіксуецца 1.000 і 100 выпадкаў гэтых захворванняў адпаведна. Як адзначаюць спецыялісты, гэта невысокі ўзровень, які супастаўны з краінамі Прыбалтыкі і Польшчай.
Аналіз захворвання на Лайм-барэліёз ў 2017 годзе паказвае, што ў пераважнай большасці выпадкаў (больш за 97%) захворванне развіваецца ў асоб, якія праігнаравалі хіміяпрафілактыку пасля ўкусу кляшчоў, паведамляюць таксама эпідэміёлагі.
З пачатку 2018 года выпадкаў захворвання на клешчавы энцэфаліт ў краіне не зарэгістравана. На Лайм-барэліёз захварэлі 9 чалавек. Гэта на 30,8% менш, чым за аналагічны перыяд 2017 года, калі было зарэгістравана 13 выпадкаў захворвання на хваробу Лайма.