Вяртанне легендарнага мышаняці (абноўлена)



Студыя „Gavarun_by” агучыць па-беларуску сусветна вядомы мультсерыял пра Мікі Маўса.

На платформе Talaka пачалi збiраць сродкi на агучванне па-беларуску мультсерыяла Miki Маўс.

Відавочна, што зараз беларускамоўная прастора адчувае моцны дэфіцыт лакалізаванага па-беларуску медыякантэнту. Асабліва гэта адчувальна ў дзіцячым сегменце і асабліва з кантэнтам, які можна паглядзець анлайн, у патрэбны час, з любога месца Беларусі й свету. 

Студыя „Gavarun_by” паступова вырашае гэтую праблему. За паўтара года яны ужо агучылі па-беларуску каля 40 поўнаметражных і кароткаметражных фільмаў і мультфільмаў, песень і разнастайных ролікаў, міні-серыял, тэлепраграму.

Кажа ўдзельніца суполкі, перакладчыца на беларускую мову Ксенія Капіца:

– Gavarun_by працуюць амаль паўтары гады. Гэта была місійная такая дзейнасць, але есці трэба, нейкія планы ставраць на будучыню, а часу гэта адбірае нямала. Калі гэты час не прыносіць нічога апроч задавальнення, то таксама цяжка. Да таго ж гэта першы раз, калі агучваецца нешта не па-пірацку, гэта відэа дазволена аўтарамі для выкарыстання бясплатна.

Наступны крок – гэта агучыць 25 серый мультсерыяла „Mickey Mouse” з сезонаў 2013-2014 гадоў. У гэтых серыях адбылося доўгачаканае вяртанне легендарнага мышаняці, якое нарадзілася ў далёкім 1928 годзе. Адметнасць абраных сезонаў у тым, што яны выкананы ў класічным стылі пры выкарыстанні сучасных тэхналогій. У выніку атрымаўся вельмі яскравы і эмацыянальны мультфільм, з добрым гумарам, павучальны і забаўляльны. Агульны час 25 серый складае каля 85 хвілін. 

Лакалізаваныя па-беларуску серыі будуць выкладвацца на ютуб-канале студыі „Gavarun_by”. Праваўладальнік, Disney Enterprises Inc, дазваляе выкарыстоўваць на ютубе аўдыявізуальнае змесціва з гэтых серый за выключэннем манетызацыі відэа, так што паглядзець мультфільм можна будзе цалкам легальна, без тэрытарыяльных абмежаванняў.

Рэалізаваць праект запланавана ў тэрмін да двух месяцаў пасля збору грошай, то-бок кожны тыдзень будзе выкладацца каля трох новых серый. Беларуская версія гукавой дарожкі ствараецца па правілах закадравага агучвання. Відэашэраг таксама будзе часткова лакалізаваны. 

Каб на ўласныя вочы і вушы паглядзець і пачуць, што за мультфільм, як гэта будзе выглядаць і гучаць, аўтары зрабiлi пілотную серыю: