Пра начосы



І дзе начосы? А стразікі? А дзе гэтыя падведзеныя чорным бровы? А дзе дэкальтэ на вясельных сукенках да пупа і пазіраванне з уздыманнем сукенкі таксама да пупа? У Вялікабрытаніі адбылося вяселле прынца Гары і акторкі Меган Маркл. Для постсавецкай прасторы мінімалізм вобразу Меган – незразумелы. Тут табе няма ні завітых плойкай локанаў, залітых цэлай бутэлькай лаку. Ні кулончыкаў на шыі, набытых на бліжэйшым рынку. Ці якіх залатых крыжоў. На шыі нявесты – нічога. Сукенка – без стразікаў, рушачак і іншых упрыгажэнняў. І не паверыце: нават твар і рукі аўтазагарам не памазала. 

Ну, а госці, госці! Як там не хапала якой цёці Клавы, якая засядае ажно ў Палаце прадстаўнікоў, і якая адмыслова для вяселля зрабіла на галаве начос. І абавязковы элемент – блакітныя цені на вачах, паголеныя бровы, а на іхнім месцы – новыя намаляваныя чорным алоўкам. Замест начосаў на галовах жанчын – капелюшы. А ў мужчын на шыях нябачныя залатыя ланцугі ў палец таўшчынёю.

Ну, а некаторыя беларусы пачалі па звычцы падлічваць, колькі вяселле абышлося падаткаплацельшчыкам. Абсалютна забыўшыся, што гэта ў нас вяселле дзяцей чыноўнікаў кладзецца на плечы простых беларусаў. А каралеўская сям’я мае дастатковыя сродкі, каб выдаткаваць іх на вяселле, не залазячы ў бюджэт краіны. Ды ВУП Беларусі і Вялікабрытаніі – рэчы абсалютна непараўнальныя. Вялікабрытанія можа сабе дазволіць такое вяселле, а вось Беларусь – не. Між іншым, вяселле прынца Гары паглядзеў кожны другі брытанец. У нашай краіне вайсковыя парады столькі людзей не глядзяць. Акрамя таго, бюджэт Вялікабрытаніі атрымае ад вяселля Гары і Меган больш за мільярд даляраў. Для параўнання: паводле бюджэта Беларусі на 2018 год, атрымаць прыбыткаў па ўсёй нашай краіне за год плануецца ўсяго ў дзесяць разоў болей, чым Вялікабрытанія атрымае ад аднаго вяселля ўнука каралевы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ