Менгарвыканкам не падтрымаў ідэю прысваення метрапалітэну імя Машэрава



Сталічныя ўлады не лічаць патрэбным прысвойваць метрапалітэну імя Пятра Машэрава. Гэта вынікае з адказу Менгарвыканкама на прапанову менскага гарадскога камітэта Беларускай партыі левых „Справядлівы свет”.

У лісце адзначаецца, што памяць Машэрава ў Менску ўшанаваная, і ў сувязі з гэтым Менгарвыканкам не бачыць падстаў „для прысваення яго імя транспартнай інфраструктуры”.

Старшыня партыі „Справядлівы свет” Сяргей Калякін сказаў, што адказ гарадскіх уладаў „абсалютна не здавальняе”. „Спасылкі на тое, што некаторыя аб’екты названыя ў гонар Машэрава, не вельмі абгрунтаваныя. Яны забываюць, што ў 2005 годзе памяць Машэрава была фактычна абражаная — адзін з найважнейшых праспектаў, які насіў яго імя, быў абсалютна беспадстаўна перайменаваны ў праспект Пераможцаў. Ніякіх падстаў для гэтага не было”, — заявіў Калякін у каментары БелаПАН.

„Сёння праспект Машэрава — гэта не праспект, — дадаў ён. — Праспект — гэта прамая вуліца, а цяпер ім называюцца шэраг вуліц і закуткаў. Гэта здзек з памяці Машэрава”.

Прадстаўнікі партыі „Справядлівы свет” лічаць, што ў год 100-годдзя з дня нараджэння Машэрава (нарадзіўся 13 лютага 1918 года) можна было б ушанаваць памяць „гэтага вялікага чалавека, аднаго з самых выбітных кіраўнікоў за ўсю гісторыю савецкай Беларусі”. „Цяперашняя ўлада з ім нават побач не стаяла: ні па тэмпах развіцця, ні па тэмпах павышэння дабрабыту людзей”, — дадаў Калякін.

У партыі лічаць, што прысваенне імя Машэрава метрапалітэну было б сімвалічным. „Менавіта дзякуючы Машэраву гэты праект быў ажыццёўлены. Саюзнае кіраўніцтва ў асобе Дзяржплана супраціўлялася будаўніцтву ў Мінску метро, нягледзячы на тое што мы былі горадам-мільённікам. Але аўтарытэт Машэрава дазволіў пачаць будоўлю, якой ён і далей актыўна садзейнічаў”, — дадаў Калякін.

Ён таксама адзначыў, што, як паказала праведзенае партыяй апытанне, жыхары Менска падтрымліваюць прысваенне метрапалітэну імя Машэрава.

„Справядлівы свет” плануе падрыхтаваць петыцыю аб неабходнасці прысваення метрапалітэну імя Пятра Машэрава.   БелаПАН