Беларускаму мастаку Міколу Бушчыку – 70



22 траўня беларускаму мастаку, сябру Саюза мастакоў Беларусі Міколу Бушчыку спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння.

З самай раніцы спадара Міколу віншуюць яго сябры і землякі ў Слоніме, куды ён летась пераехаў з сём’ёй на пастаяннае месца жыхарства.

Мікола прадаў у Менску кватэру і купіў у родным горадзе вялікі дом. Ды й бацькоўская хата яшчэ стаіць у вёсцы Дзераўная, дзе і нарадзіўся Мікола.

Мікола Бушчык – мастак-экспрэсіяніст. Ён удзельнічаў у больш чым 200 розных мастацкіх міжнародных і рэспубліканскіх выставах Беларусі, Расеі, Францыі, Італіі, Нідэрляндаў, Польшчы, Літвы, Германіі, Латвіі і іншых краін. Ён з’яўляецца аўтарам больш чым 500 акварэльных карцін і каля 1000 карцін алеем.

Мікола Бушчык плённа працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта і пейзажа. Шмат яго твораў, прысвечаных беларускай вёсцы і прыродзе. Прырода ў творах мастака – гэта эмоцыя душы, палотны – пачуцці Ўсявышняга, а вобразы – думкі Сусвету…

 

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара