3 чэрвеня ў Менску збяруцца пісьменнікі з 30 краін Еўропы



3-4 чэрвеня ў сталічным гатэлі “Мінск” пройдзе Генеральная асамблея Еўрапейскай пісьменніцкай Рады (European Writers’ Council). Гэта  асацыяцыя, якая аб’ядноўвае 44 пісьменніцкія арганізацыі Заходняй і Цэнтральнай Еўропы. На постсавецкай прасторы Еўрапейская Пісьменніцкая Рада, якая існуе з 1977 года, правядзе свой штогадовы з’езд упершыню.

– Еўрапейская Пісьменніцкая Рада – самая ўплывовая пісьменніцкая арганізацыя Еўропы, і прымаць яе агульны сход вялікі гонар для Беларусі ў цэлым, і для Саюзу беларускіх пісьменнікаў ў прыватнасці, – кажа Барыс Пятровіч, старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў. – Традыцыйна важнымі для асацыяцыі з’яўляюцца праблемы абароны аўтарскіх правоў, гэтыя пытанні будуць закранацца і падчас менскай Генеральнай асамблеі. Мы чакаем, што ў працы Генеральнай асамблеі таксама возьме ўдзел Святлана Алексіевіч.

Еўрапейская Пісьменніцкая Рада – федэрацыя 44 нацыянальных арганізацый прафесійных пісьменнікаў і літаратурных перакладчыкаў, прадстаўляе больш за 160 тысяч літаратараў з 34 краін Еўропы, найперш з Еўрасаюза, а таксама Беларусі, Ісландыі, Нарвегіі, Турцыі, Швейцарыі і Чарнагорыі. Федэрацыя была заснаваная ў 1977 годзе ў Берліне пад назвай Еўрапейскі Пісьменніцкі Кангрэс. З 2010 года існуе пад цяперашняй назвай са штаб-кватэрай у Бруселі, шчыльна супрацоўнічае з культурніцкімі праектамі Еўракамісіі, ЮНЭСКА, Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці пры ААН. Прэзідэнтам EWC у 2017 годзе быў абраны старшыня Шведскага саюза пісьменнікаў, празаік Гунар Ардэліус.

Саюз беларускіх пісьменнікаў з’яўляецца правадзейным сябрам EWC з 2010 года. З постсавецкай прасторы у Еўрапейскую пісьменніцкую раду, акрамя СБП, уваходзяць толькі літаратурныя арганізацыі краін Балтыі.

Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”