Цэнтральны батанічны сад наладжвае прамысловую вытворчасць дурніц
Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук (ЦБС) наладжвае прамысловую вытворчасць дурніц, паведаміў журналістам 22 траўня падчас экскурсіі па садзе намеснік дырэктара па навуковай працы Іван Валадзько.
Доследна-прамысловую плантацыю дурніц на 50 гектараў плануецца закласці ў Ганцавіцкім раёне (Берасцейскай вобласць), дзе ў ЦБС ёсць участак у 64 гектары. Там жа ў біятэхналагічным комплексе эксперыментальна вырошчваюцца брусніцы, канадскія буйнаплодныя журавіны.
Паводле слоў Валадзько, інвестыцыйны праект Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях і батанічнага саду — гэта адно з інавацыйных напрамкаў дзейнасці саду.
„Для Беларусі дурніцы нетрадыцыйная культура, — адзначыў ён. — Зараз ЦБС вырошчвае дурніцы доследна-эксперыментальна. Пакуль задача сабраць ураджай не ставіцца, мэта — даследаваць адаптацыйны патэнцыял ягады. Але неўзабаве зоймемся вытворчасцю, перапрацоўкай і рэалізацыяй прадукцыі ў прамысловых маштабах”.
Зараз, пакуль вядзецца вывучэнне патэнцыйнага ўкаранення дурніц у беларускае асяроддзе, ураджайнасць у залежнасці ад умоў надвор’я складае 3-5 кг з куста.
Інавацыйны праект па ўвядзенні біятэхналагічнага комплексу здадзены ў эксплуатацыю ў мінулым годзе і гады праз тры пачне даваць прадукцыю ў прамысловых аб’ёмах — на першым этапе каля 5 тон за год.
Таксама ў Ганцавіцкім раёне будзе пабудаваны ўчастак па перапрацоўцы дурніц. Частку прадукцыі плануецца пастаўляць за мяжу, у асноўным у Расею, Украіну, Казахстан. Валадзько адзначыў, што заваёўваць рынкі комплекс разлічвае за кошт больш нізкіх коштаў, чым у вытворцаў з Заходняй Еўропы, Чылі, Аўстраліі, Новай Зеландыі.
belapan.by