Мірончык: Паміж Беларуссю і Швецыяй цалкам адноўлены дыялог



„Ледніковы перыяд” у адносінах паміж Беларуссю і Швецыяй афіцыйна скончыўся, заявіў новы беларускі пасол у Швецыі Дзмітрый Мірончык, каментуючы сваё сённяшняе прызначэнне.

Мірончык нагадаў, што беларускага пасла ў Стакгольме не было амаль шэсць гадоў. „Цяпер жа мы маем магчымасць сказаць, што афіцыйна „ледніковы перыяд” у адносінах паміж Беларуссю і Швецыяй скончыўся. Цалкам адноўлены міждзяржаўны дыялог. Мы размаўляем па ўсіх тэмах, у тым ліку па тых, па якіх не пагаджаемся. Прайшлі выпрабаванне і вытрымалі яго нашы адносіны ў экалагічнай, гуманітарнай і іншых непалітычных сферах”, — падкрэсліў дыпламат.

Паводле яго слоў, „больш за ўсё ад „холаду” ў двухбаковых адносінах пацярпелі беларуска-шведскія эканамічныя сувязі”. „І менавіта на гэтым я маю намер сканцэнтравацца і працаваць. Двухбаковы тавараабарот значна зменшыўся ў параўнанні з 2012 годам. Але цяпер у беларускіх грамадзян і кампаній ёсць да каго звярнуцца па параду і падтрымку ў Швецыі, і мы будзем рабіць усё магчымае, каб ім дапамагчы”, — сказаў пасол.

Дыпламатычны скандал паміж Беларуссю і Швецыяй паўстаў каля шасці гадоў таму. У ліпені 2012 года аднаматорны самалёт, якім кіравалі супрацоўнікі шведскай PR-кампаніі Studio Total, парушыў паветраную прастору Беларусі. Экіпаж скінуў над Івянцом і ўскраінай Мінска сотні плюшавых мядзведзяў з запіскамі ў падтрымку дэмакратыі.

1 жніўня 2012 года МЗС Швецыі атрымаў апавяшчэнне аб высылцы з Беларусі свайго пасла Стэфана Эрыксана. У адказ на гэта шведскі бок запатрабаваў ад беларускіх дыпламатаў пакінуць Стакгольм.

Пасольства Беларусі ў Швецыі зноў афіцыйна адкрылася 15 лістапада 2017 года.

Дзмітрый Мірончык працуе ў МЗС з 1998 года. Пасля працы ў дыпмісіях ў Германіі і Італіі ў лютым 2014 года стаў начальнікам упраўлення інфармацыі — прэс-сакратаром МЗС. У апошні час таксама перыядычна працаваў перакладчыкам на сустрэчах з Аляксандрам Лукашэнкам замежных візіцёраў.

belapan.by