БАЖ: Нас непакоіць сакрэтнасць вакол справы Шаройкі



Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў украінскаму журналісту Паўлу Шаройку «больш за 8 гадоў пазбаўлення волі». Пра гэта заявіў амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім перад пачаткам форуму «Менскі дыялог». Паводле слоў Кізіма, цяпер Шаройка знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Днямі яго наведваў украінскі консул, на ўмовы ўтрымання асуджаны ня скардзіцца.

Прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі адзначае перш за ўсё закрытасць гэтай справы для грамадзянскай супольнасці.

– Усё абсалютна засакрэчана. Тыя дробязі інфармацыі, якія з’яўляюцца ў прэсе пра тое, што нехта перадаў Шаройку нейкія дакументы. На жаль, ніхто з беларускіх журналістаў, з беларускай грамадзянскай супольнасці не можа сказаць, што ўласна кажучы было з Шаройкам: ці зрабіў ён нешта злачыннае, ці не зрабіў. Таму ад самага пачатку мы заклікалі правесці адкрыты працэс, каб стала зразумела, была нейкая віна, ці не. Мы вельмі заклапочаныя тым, што гэтага працэсу не адбылося. Невядома дакладна, якія абвінавачванні там прагучалі.

Карэспандэнт Грамадскай нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Украіны Паўло Шаройка быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ Беларусі 25 кастрычніка мінулага году ў Менску. Ён быў абвінавачаны ў стварэнні ў Беларусі шпіёнскай сеткі з ліку грамадзян краіны, «якія за грашовае ўзнагароджанне выконвалі яго заданні па збіранні звестак выведнага характару ў вайскова-палітычнай сфэры». У дачыненні да Шаройкі была заведзеная крымінальная справа паводле 358 артыкула Крымінальнага кодэксу — за шпіянаж. Суд над Шаройкам прайшоў у Вярхоўным судзе Беларусі ў лютым, але вырак не апублікаваны дагэтуль. Украінскія экспэрты мяркуюць, што Паўло Шаройка быў затрыманы ў Беларусі ў адказ на затрыманне ў Чарнігаве  беларускага грамадзяніна Юрыя Палітыкі. Ён падазраецца ў збіранні сакрэтнай інфармацыі ва Украіне на карысць замежнай дзяржавы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя