Андрэю Гайдукову прысудзілі 10 сутак (абноўлена)
Актывіста аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Андрэя Гайдукова Полацкі суд прыгаварыў да 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
* * *
На былога палітвязня ў міліцыі склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Андрэй Гайдукоў раздаваў у Полацку ўлёткі з інфармацыяй пра палітвязняў. Актывісту інкрымінуюць правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. 27 лістапада ён павінен з’явіцца ў суд.
– Склалі пратакол за несанкцыянаваную раздачу інфармацыйных матэрыялаў без узгаднення з уладамі. Я падпісваць адмовіўся. Мяне ўтрымлівалі, а пасля адпусцілі. Сказалі, што пасля ўжо на суд выклічуць.
Затрыманага раней фатографа Антона Паўлава, які здымаў раздачу Гайдуковым улётак, адпусцілі пасля таго, як ён выдаліў зняты матэрыял.
Прыгадаем, раней Гайдукоў правёў у зняволенні паўтара года. Паводле інфармацыі следства, ён быў затрыманы «ў момант закладкі тайніка з цікаўнымі для замежных спецслужбаў звесткамі» і першапачаткова абвінавачваўся па артыкуле 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці), пазней абвінавачванне было перакваліфікавана на замах на ўсталяванне супрацы са спецыяльнай службай. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Беларускія праваабаронцы выступілі з сумеснай заявай, у якім прызналі Гайдукова палітвязнем.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
За раздачу ўлётак аб палітвязнях ў Полацку затрыманы актывіст аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Андрэй Гайдукоў. Улёткі, якія яшчэ заставаліся ў былога палітвязня на момант затрымання, канфіскаваныя, паведамляе прэс-служба БХД.
Актывіста абвінавачваюць у равядзенні несанкцыянаванага пікета. Перад гэтым быў затрыманы малады чалавек, які фатаграфаваў, як Гайдукоў раздаваў улёткі.
Гэта другое за апошнія некалькі дзён затрыманне Гайдукова.
У мінулую пятніцу, 21 лістапада, яго затрымлівалі за раздачу ўлётак у Наваполацку. У міліцыі на яго склалі адміністрацыйны пратакол за арганізацыю і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, пасля чаго адпусцілі.
Андрэй Гайдукоў правёў у зняволенні паўтары гады – з лістапада 2012 года па май 2014-га. Па абвінавачанні у замаху на ўстанаўленне супрацоўніцтва органам бяспекі або разведвальным органам замежнай дзяржавы). Праваабаронцы прызналі Андрэя Гайдукова палітзняволеным.
Беларускае Радыё Рацыя