Беластоцкія кандыдаты ў прэзідэнты будуць судзіцца



У Беластоку адбудзецца судовы працэс паміж кандыдатамі ў прэзідэнты. Ян Дабжынскі з партыі „Права і справядлівасць” выступіў з пазовам супраць камітэта прэзідэнта Тадэвуша Трускаляскага. Гаворка ідзе пра газету, якую ў выходныя атрымалі жыхары Беластока.

У выданні сярод іншага можна прачытаць пра нібыта антыпатыю Дабжынскага да праваслаўных вернікаў, а таксама пра неадпаведнасць звестак прадстаўленых у дэкларацыях маёмасці сенатара „ПіС”.

Справа ўжо пададзена ў беластоцкі акруговы суд, кажа Ян Дабжынскі:

– Там шмат непраўдзівай інфармацыі, прыкра, што гэтым займаецца прэзідэнт Беластока. Гэта непрыстойна і на вельмі нізкім узроўні.

Фінансаваў выданне камітэт Тадэвуша Трускаляскага, які асцярожна выказваецца наконт газеты, якая з’яўляецца элементам яго выбарчай кампаніі:

– Гэта факты з жыцця майго суперніка. Мы хацелі, каб жыхары з гэтымі фактамі азнаёміліся, гэта факты, якія абапіраюцца на інфармацыі са СМІ і дэкларацыях маёмасці.

Тадэвуш Трускаляскі прызнае, што аўтарамі газеты з’яўляюцца людзі з яго камітэта. Гэтыя факты нібыта абапіраюцца на інфармацыі са СМІ і дэкларацыях маёмасці, сцвярджае Трускаляскі. Справу будзе разглядаць беластоцкі акруговы суд.

Беларускае Радыё Рацыя