Бізнес-саюзы за спрошчаныя сістэмы падаткаабкладання
Дзелавая супольнасць падчас працы па змене Падатковага кодэкса мае намер адстойваць пытанне аб пашырэнни прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання (ССП), паведаміла дырэктар, сустаршыня праўлення Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Жанна Тарасевіч.
Яна адзначыла, што гэтае пытанне плануецца абмяркоўваць найбліжэйшым часам на пасяджэнні рабочай групы пры Міністэрстве фінансаў, якая займаецца падрыхтоўкай новай рэдакцыі Падатковага кодэкса.
Старшыня Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец звярнуў увагу, што паколькі цяперашняя падатковая сістэма дастаткова складаная, нярэдкія выпадкі, калі прадпрымальнікам выпісваюць штрафы за ненаўмысныя памылкі пры разліку падаткаў. Пашырэнне прымянення ССП дазволіць знізіць верагоднасць узнікнення такіх санкцый, удакладніў ён.
„Спрошчаную сістэму тады можна назваць дасканалай, калі прадпрымальніку бухгалтар наогул не патрэбны. Трэба рухацца да аўтаматызаванай сістэмы, каб прадпрымальнік, чый абарот не звязаны з наяўнымі грашыма, мог дэлегаваць электроннай сістэме пытанні разліку базы падаткаабкладання і выплаты падаткаў у аўтаматычным рэжыме”, — мяркуе Швец.
Зараз арганізацыі могуць прымяняць ССП у выпадку, калі гадавая выручка не перавышае 1,85 млн рублёў. Бізнес-саюзы прапануюць павысіць гэты крытэрый да 4 млн рублёў, каб колькасць арганізацый, якія могуць карыстацца ССП, павялічылася.
Дзелавая супольнасць таксама лічыць, што з дапамогай пашырэння прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання можна стымуляваць дзелавую актыўнасць у рэгіёнах, і плануе абмяркоўваць гэтае пытанне на пасяджэнні рабочай групы пры Мінфіне.
„У частцы спрошчанай сістэмы падаткаабкладання мы рыхтуем прапановы з улікам вопыту Расіі, у якой шырока выкарыстоўваецца практыка рэгіянальнага паніжэння падатковых ставак”, — паведаміў БелаПАН старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін. БелаПАН