Павел Севярынец: Мы будзем зноў падаваць дакументы на рэгістрацыю партыі
Гэта чарговае беззаконнае рашэнне, – сказаў у нашым эфіры Павел Севярынец, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.
Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў скаргу аргкамітэту на адмову ў афіцыйнай рэгістрацыі Міністэрствам юстыцыі. Тлумачыць сітуацыю Павел Севярынец:
– У Міністэрства юстыцыі нават не знайшлося вартых аргументаў для таго, каб адмовіць БХД. Былі зачэпкі да таго, што не пазначаныя хатнія тэлефоны, або не так павінна выглядаць памяшканне для рэгістрацыі. Два чалавекі, па дадзеных Мінюста, адмовіліся ад таго, што яны з’яўляюцца заснавальнікамі. Аднаго прымусілі на працы, а другі не пісаў гэтую паперу. І смех, і грэх. Але гэта ўжо сёмая адмова ў рэгістрацыі БХД. Тым не меньш, мы будзем зноў падаваць дакументы на рэгістрацыю партыі, каб знаходзіцца ў юрыдычным полі. Кожная такая кампанія – гэта мабілізацыя нашых сяброў.
І таму БХД рыхтуецца да наступных з’ездаў арганізацыі, каб рыхтаваць дакументы на рэгістрацыю. Аргкамітэту адмаўлялі ў рэгістрацыі як палітычнай партыі 7 разоў, каля 40 разоў арганізацыя спрабавала зарэгістравацца як грамадскае ці рэгіянальнае аб’яднанне.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя