Арганізатары Дня Швецыі ў Менску чакаюць на свяце не менш як 10 тысяч чалавек



Шведскае пасольства чакае, што Дзень Швецыі 2 чэрвеня ў Менску наведаюць не менш як 10 тысяч чалавек, заявіла пасол Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан 28 траўня на прэс-канферэнцыі.

„Даволі складана падлічыць, колькі было людзей летась, таму што яны прыходзілі і сыходзілі, але на вячэрнім канцэрце было не менш за 10 тысяч чалавек. Гэтым разам спадзяемся, што будзе не менш”, — сказала яна.

Дыпламат адзначыла, што шведскае пасольства разам з генеральнымі спонсарамі Volvo Car і „ЕТС-Бел” даўно рыхтуюцца да свята. Паводле яе слоў, сёлета праграма Дня Швецыі будзе больш насычаная, з вялікай колькасцю мерапрыемстваў для гасцей рознага ўзросту. Будзе арганізаваная культурна-адукацыйная пляцоўка „Спазнай Швецыю”, дзе пройдуць прэзентацыі навучальных праграм Шведскага інстытута, майстар-клас па традыцыях святкавання сярэдзіны лета ў Швецыі, а таксама будуць праводзіцца ўрокі шведскай мовы і віктарыны.

На дзіцячай пляцоўцы будуць паказаныя спектаклі і арганізаваныя канцэрты паводле шведскіх казак, майстар-класы па маляванні. Там жа можна будзе купіць шведскія дзіцячыя кнігі ў перакладзе на беларускую мову.

Аўтакампаніі Volvo Car і Scania прэзентуюць апошнія мадэлі сваіх аўтамабіляў і экскаватараў. Акрамя таго, Volvo Car арганізуе спецыяльную зону аўтатармажэння, дзе аўтааматары змогуць апрабаваць новую сістэму City Safety.

Юханесан паведаміла, што на фудкорце будуць прэзентаваныя 12 рэстаранаў, а кулінарны блогер Анастасія Лундквіст падзеліцца з гасцямі сакрэтамі шведскай кухні.

Пасол спадзяецца, што гасцям свята будуць цікавыя майстар-класы па сартаванні смецця. „Мы хочам падзяліцца нашым вопытам. У Швецыі мы дамагліся добрых вынікаў у гэтым пытанні, — сказала Юханесан. — У нас толькі 1% дамашніх адходаў адпраўляецца на палігоны, усё астатняе сартуецца і перапрацоўваецца”.

Дыпламат паведаміла, што ў вячэрнім канцэрце ля ратушы возьмуць удзел беларускі гурт Akute і шведская спявачка Ені Бергрэн — экс-салістка гурту Ace of Base.

„Больш за ўсё спадзяюся, што нам пашанцуе з надвор’ем, — сказала пасол. — Нават не буду глядзець прагноз надвор’я, таму што баюся. Але быццам абяцаюць, што надвор’е будзе неблагім”.

belapan.by