Зінаіда Бандарэнка: Ідзе дзікунская атака на мозг чалавека!



Расея працягвае замбіраванне не толькі свайго, але і беларускага насельніцтва ў дачыненні да сітуацыі ва Украіне. Як змагацца з такой прапагандай? Пра гэта распавядае Народная артыстка Беларусі, якая ў свой час працавала дыктарам на Беларускім тэлебачанні, Зінаіда Бандарэнка.

Зінаіда Бандарэнка: Асабіста я гляджу не толькі расейскія тэлеканалы, але па спадарожнікавай антэне і ўкраінскія. Так што ёсць з чым параўноўваць. Шчыра кажучы, калі слухаю расейскія навіны пра Украіну, мне становіцца не па сабе. Ідзе шалёная адкрытая прапаганда! У нашых людзей на самой справе мяняецца (ды ўжо, напэўна, і змянілася) меркаванне пра Украіну. На нейкі час агрэсія ў падачы матэрыялаў зменшылася, а зараз гэта ізноў прарываецца. Няма нічога больш страшнага, чым такая дзікунская атака на мозг чалавека, які адразу становіцца іншым. На чалавека ўдзейнічаюць тэлевізійнымі псіхатропнымі метадамі.

РР: На ваш погляд, ці моцна замбіраваны прапагандай беларусы? Большасць з іх займае прарасейскую ці праўкраінскую пазіцыю?

Зінаіда Бандарэнка: На жаль, моцна, а таму большасць падтрымлівае Пуціна і яго дзеянні. Нават многія былыя калегі пераконваюць мяне, як цудоўна тое, што Расея зараз творыць з Украінай.

РР: Як змагацца з такой прапагандай?

Зінаіда Бандарэнка: Выхад вельмі просты – не глядзець тэлевізар альбо чэрпаць інфармацыю з розных крыніц, калі ёсць такая магчымасць. Няхай народ возьме і пачытае Біблію, у якой напісана, што трэба не толькі слухаць, але і чуць. Глядзець і бачыць. Адчуваць, умець адрозніваць… Неабходна духоўнае развіццё чалавека. Але людзей зараз больш цікавіць, як набіць сваю лядоўню ежай. Духоўнасць народ менш цікавіць, і такімі людзьмі вельмі лёгка маніпуляваць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота euromaydan.in