Макей: Беларуска-расейскі дыялог развіваецца паступальна і паслядоўна
Беларуска-расейскі палітычны дыялог развіваецца „паступальна і паслядоўна”, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 29 траўня ў Менску на сустрэчы са сваім расейскім калегам Сяргеем Лаўровым.
Дыпламат падкрэсліў, што кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін рэгулярна сустракаюцца на працягу года. Паводле яго слоў, яшчэ ўчора ён абмеркаваў з Лаўровым шэраг пытанняў, звязаных як з двухбаковымі адносінамі, так і з узаемадзеяннем у шматбаковым фармаце.
Макей таксама адзначыў, што эканамічнае супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў актыўна развіваецца па ўсіх напрамках.
Сяргей Лаўроў заявіў, што рэгулярныя сустрэчы дапамагаюць „рэалізоўваць крокі па правядзенні ўзгодненай знешняй палітыкі”. Паводле слоў дыпламата, Масква і Менск рыхтуюць важны дакумент аб прыярытэтных кірунках развіцця Саюзнай дзяржавы на бліжэйшыя чатыры гады. „Гэта надасць новую якасць нашым адносінам, — лічыць Лаўроў. — На сённяшняй сустрэчы разлічваю, што мы разгледзім усе двухбаковыя пытанні, якія вядуць іншыя ведамствы і дзе трэба з боку МЗС надаць дадатковы імпульс, а таксама абмяняемся думкамі, як развіваецца наша супрацоўніцтва на розных пляцоўках”.