Фэйк



Як лёгка ў наш час стала праглядаць навіны. Бярэш свой тэлефон і ляніва водзіш пальцам па экране. Можаш гэта рабіць у хаце, у бары, у лазні, у перапынку паміж працай і паездкай дахаты і нават на працоўным месцы. І начальніка можна не баяцца. Ён робіць тое сама. Не, я не меў на ўвазе, што ён упарта шукае праўдзівыя навіны. Я пра тое, што ён, як і яго падначаленыя, водзіць пальцам па экране тэлефона.

Бо навіны – гэта нешта іншае. Праглядаць то іх сапраўды стала лёгка. Гэта чыстая праўда. А вось шукаць усё цяжэй ды цяжэй. І тут няма аніякага парадоксу. Проста чалавецтва на падман і фальшывыя звесткі, якія можна назваць па навамоднаму фэйкамі, або па старому дэзінфармацыяй, сутнасць ад гэтага не мяняецца, выдаткоўвае значна большыя сродкі, чым на пошук праўдзівай інфармацыі. З чаго робім выснову, што праўда стала незапатрабаваным таварам. А хто ў наш час стане інвеставаць у незапатрабаваны тавар? Няма дурных. Дакладней яны ёсць, я нават ведаю такіх, але іх усё менш і менш.

Ну ўявіце сабе сур’ёзнае журналісцкае расследаванне. Ну хоць бы якой дробненькай карупцыйнай схемы. Або расследаванне злоўжыванняў ўладай якогась там ашалелага ад гэтай улады генерала. Або проста выяўленне самага звычайнага і ўжо да зубнога болю банальнага распілу бюджэтных сродкаў. Якія для гэтага рэсурсы павінна мець рэдакцыя, каб аплаціць журналістам паўгады іх цяжкай працы, з камандзіроўкамі і суткавымі, гатэлямі і транспартам, і ў выніку атрымаць усяго толькі адзін, хай сабе і разгромны, але ўсяго толькі адзін матэрыял, які зляціць некуды ўніз на вашым мабільным прыстасаванні ад лёгкага кіўка пальцам.

А ўявіце сабе журналістаў, якім рэдакцыя нешта заплаціць за іх надзвычай рызыкоўную дзейнасць праз паўгады працы за адзін, хай сабе разгромны, але ўсяго толькі адзін матэрыял. Усё без падману. Аплата згодна з прэйскурантам. Можа яшчэ і прэмію дадуць, зноў жа ў адпаведнасці ўсё з тым жа славутым прэйскурантам.

А з другога боку ад журналісцкага расследавання і таго заробку разам з прэміяй ёсць нейкія канкрэтныя людзі, з імёнамі і прозвішчамі, з пасадамі і паўнамоцтвамі, і з вялікімі сродкамі, пра якіх гэты матэрыял напісаны. Ну тыя, з карупцыйных схемаў, ці ашалелы ад улады генерал, ці проста самыя звычайныя ўдзельнікі самага банальнага распілу бюджэтных сродкаў. І яны таксама хочуць па-свойму аддзячыць акуле пяра. А заадно і рэдактару, і рэдакцыі, і ні ў чым не замешанаму мірнаму насельніцтву, якое ў гэты час выпадкова выйшла пакурыць і патрапіла пад гарачую руку. І мажлівасці ў тых людзей значна большыя, чым у рэдакцыі. А ў акулаў пяра, у адрозненні ад іх марскіх цёзак, паламаныя зубы не адрастаюць бясконца.

Ну а што такое дэзінфармацыя, або як зараз называецца гэтая з’ява – фэйк? У адрозненні ад журналісцкага расследавання там усё проста. Ёсць заказ, заказ аплачваецца, і рызыкаваць нічым не трэба. Нікуды не трэба ісці, сядзіш за сваім кампом і абліваеш прыстойнага чалавека брудам. Чым больш няпраўды, тым лепш. Псеўданімы можна мяняць кожную гадзіну і хай абалганы і пакрыўджаны падае ў суд на той псеўданім. Калі там і не пасмяюцца чарговы раз з наіўнасці шукальніка праўды, то што моцна падзівяцца яго цвёрдалобасці, дык гэта дакладна.

Ну а калі фэйкавы псеўданімшчык умее абылгаць не толькі асобу, але і праўдзівыя звесткі, і праўду як з’яву, то яму цаны няма. Вось што запатрабаванае. Мастацтва змагання з праўдай. А паколькі яно так моцна запатрабаванае, то адпаведна і аплачваецца. І адпаведна ахоўваецца. Часамі нават дзяржавай.

Фэйк стаў не толькі навамоднай з’явай, але і штодзённай. Бо там нічога не трэба думаць, аналізаваць, напружваць мазгі. Там можна паржаць, напісаць такія ж паскудныя каментары і сама галоўнае сказаць самому сабе і іншым, што не толькі ты нягоднік, але і іншыя таксама. Бо во што пра іх напісанае! У гэтым і ўвесь сакрэт запатрабаванасці фэйка.

Ну а сакрэт, чаму людзі шукаюць, а часамі рызыкуючы сабой і робяць сапраўдныя навіны, яшчэ не раскрыты. Вельмі там усё заблытана.

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ