Ці з’явіцца пры Гайнаўскім белліцэі пачатковая школа з беларускай мовай?
Бацькі з Гайнаўкі хочуць, каб у памяшканнях гайнаўскага белліцэя паўстала пачатковая школа з дадатковай беларускай мовай навучання.
Яны збіраюць подпісы пад петыцыяй па справе стварэння пачатковай школы на месцы гімназіі. Справай новай школы мае заняцца рада Гайнаўкі на бліжэйшай сесіі. Школа падрыхтаваная да стварэння месцаў для школьнікаў з наступнага навучальнага года, кажа дырэктар ліцэя Ігар Лукашук:
— Я нават не магу ўявіць як можна быць супраць такой ініцыятывы бацькоў. Калі бацькі ставяць мэту, каб іхныя дзеці не проста вывучалі мову, але і выхоўваліся ў школе, якая накіравана на падтрымку беларускай тоеснасці сярод вучняў, дык я лічу, што абавязак самаўраду — згадзіцца з гэтай ініцыятывай.
Сесія, на якой гайнаўскія радныя будуць дыскутаваць наконт беларускага навучання, адбудзецца заўтра, 30-га траўня, а 15-й гадзіне. У сувязі з рэформай адукацыі ў Польшчы ад наступнага года знікне беларускае гімназія, якая існуе ў будынку ліцэя.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя