Сямашка: Павышэнне цэн на паліва непазбежнае



Ва ўрадзе пакуль не вызначыліся з далейшай тактыкай змены цэн на аўтамабільнае паліва, аднак іх павышэнне найбліжэйшым часам непазбежнае, заявіў намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка 29 траўня на адкрыцці Беларускага прамысловага форуму.

„Па капейкам мы ўжо павышэнне скончылі, — сказаў віцэ-прэм’ер. — Для даведкі скажу, што за апошнія паўтара месяца нафта падаражэла на 30%: было 60 долараў за бараль, а цяпер ужо 80. Што нам рабіць? У абодвух НПЗ інвестыцыйная праграма — на 1,7 млрд долараў на Мазырскім НПЗ і 1,6 млрд долараў — на „Нафтане”. Іх жа трэба „адбіваць”, абслугоўваць крэдыты, і гэта трэба рабіць за кошт прыбытку заводаў”.

„Таму павышэнне (цэн на паліва). Іншая справа — яго тактыка. Ёсць розныя меркаванні на гэты конт. Пакуль канчатковага рашэння няма”, — сказаў намеснік прэм’ер-міністра.

У 2018 годзе бензін даражэў дзевяць разоў: 8 лютага — на 2 капейкі, 10, 15, 24, 30 сакавіка, 4, 14 красавіка, 12 і 15 мая — на капейку. Дызпаліва даражэла восем разоў (у лютым—сакавіку і маі сінхронна з бензінам) і таннела — двойчы (14 і 27 красавіка — абодва разы на капейку).

Раней крыніца ў нафтахімічнай галіне паведаміла, што на працягу некалькіх месяцаў плануецца павысіць беларускія цэны на аўтамабільнае паліва да ўзроўню цэн на памежных запраўках у Расеі. Меркавалася, што гэты этап павышэння ўнутраных цэн на паліва будзе доўжыцца да мая, аднак цэны на бензін у Расеі працягваюць імкліва расці.

Як адзначалі спецыялісты, рашэнне аб паэтапным павышэнні цэн на паліва абумоўленае стратнай дзейнасцю нафтаперапрацоўчых заводаў. У пачатку 2018 года страты ад рэалізацыі паліва на ўнутраным рынку прыкладна ў два разы перавышалі прыбыткі ад экспарту.

У інтэрв’ю праграме „Тыдзень” тэлеканала СТВ, паказаным 13 траўня, старшыня „Белнафтахіма” Ігар Ляшэнка заявіў, што рэзкага скачка цаны на паліва не будзе. Пры гэтым на фоне росту сусветных цэн на нафту кошт паліва будзе павышацца. „Мы ідзем сінхронна з нашымі калегамі з Расейскай Федэрацыі. Сёння такая стратэгія”, — сказаў кіраўнік канцэрна.

У 2017 годзе цана паліва павялічвалася сем разоў, а да гэтага больш за два гады (пасля 13 студзеня 2015 года) не мянялася.

belapan.by