Аляксей Дзікавіцкі: Нашых журналістаў штрафуюць штодня



У Магілёве журналістку Аліну Скрабунову за супрацу з “Белсатам” пакаралі штрафам у 1225 рублёў па артыкуле “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”, аператара Яўгена Глушкова па гэтым жа артыкуле пакаралі 735 рублямі штрафу.

Намеснік дырэктара “Белсата” Аляксей Дзікавіцкі гаворыць пра тое, што суды над журналістамі каналу пачасціліся, але сёлета ўлады яшчэ не канфіскоўвалі тэхніку. Верагодна, гэта звязана з перамовамі з Захадам.

– Сёлета ў нас не было канфіскацыі тэхнікі, а летась мы згубілі тэхнікі прыкладна на 25-26 тысяч еўра. У нас яе канфіскавалі. Праўда, часткова вярнулі. Бо мне падаецца, што беларускім уладам зараз гэта не патрэбна. Мы бачым, што афіцыйны Менск усяляк стараецца наладзіць дачыненні з Захадам. Нас таксама непакоіць тое, што гэты канвеер штрафаў і пакаранняў нашых журналістаў настолькі стаў штодзённым, што нават міжнародныя арганізацыі і афіцыйныя структуры ЕЗ рэдка на гэта звяртаюць увагу.

Сёлета з міжнародных арганізацый, па словах Аляксея Дзікавіцкага, на ціск на журналістаў у Беларусі звярнула ўвагу толькі арганізацыя “Журналісты без межаў”.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя