ЕЗ зноў заклікаў Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне



Еўразвяз заклікае Беларусь увесці мараторый на прымяненне смяротнай кары.

Як адзначаецца ў заяве прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Маі Качыянчыч, у сярэдзіне мая ў Беларусі ўпотай былі ажыццёўленыя дзве смяротныя кары — Віктара Лётава і Аляксея Міхалені. Акрамя таго, 30 траўня Вярхоўны суд Беларусі адхіліў скаргі на вынясенне смяротных прысудаў Вячаславу Сухарку і Аляксандру Жыльнікаву.

„Працяг прымянення смяротнага пакарання супярэчыць заяўленай Беларуссю гатоўнасці ўзаемадзейнічаць з міжнароднай супольнасцю, у тым ліку з Еўрапейскім Звязам, па гэтым пытанні і разгледзець пытанне аб увядзенні мараторыя на прымяненне смяротнай кары, — заявіла Качыянчыч. — Адчувальныя крокі, зробленыя Беларуссю для захавання ўсеагульных правоў чалавека, у тым ліку адносна прымянення смяротнага пакарання, з’яўляюцца ключавымі пры фармаванні будучай палітыкі ЕЗ у дачыненні да Беларусі”.

Прэс-сакратар падкрэсліла, што ЕЗ „рашуча і недвухсэнсоўна” выступае супраць смяротнага пакарання пры любых абставінах. „Смяротнае пакаранне парушае неад’емнае права на жыццё, замацаванае ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, і з’яўляецца жорсткім, бесчалавечным і зневажальным годнасць пакараннем. Акрамя таго, смяротнае пакаранне не выступае ў якасці фактару, які стрымлівае злачынства, і судовая памылка не можа быць выпраўленая”, — сказала яна.

Раней з асуджэннем новых пакаранняў смерцю ў Беларусі выступілі Савет Еўропы і яго парламенцкая асамблея.

belapan.by