Надзея Астапчук не выключае вяртання ў вялікі спорт



“Калі я яшчэ патрэбна зборнай”, – кажа вядомая спартсменка.

Нагадаем, што штурхальніца ядра Надзея Астапчук заваявала залаты медаль на Гульнях-2012, але яе допінг-проба дала станоўчы вынік. Быў вялікі скандал, медаль давялося вярнуць.

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі прыняла рашэнне аб 4-гадовай дыскваліфікацыі спартсменкі.

Тэрмін дыскваліфікацыі Астапчук пачаў адлік з 8 жніўня 2012 года. У гэты ж дзень у 2016 годзе Надзея зможа зноў выйсці ў сектар і нават тэарэтычна прыняць удзел у Гульнях у Рыа.

Надзея Астапчук: Я не выключаю варыянт вяртання ў вялікі спорт, калі будзе падтрымка і гэта будзе некаму патрэбна.

РР: Хто павінен вам працягнуць руку ў першую чаргу?

Надзея Астапчук: Думаю, Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі неабходна праявіць ініцыятыву, калі я яшчэ патрэбна зборнай. А не проста выкрасліць з гісторыі, як кепскі ўспамін.

РР: Тэарэтычныя шанцы прыняць удзел у Алімпіядзе-2016 у вас застаюцца?

Надзея Астапчук: Няма ніякіх шанцаў. Беларуская федэрацыя так “удала” мяне дыскваліфікала, што пасля заканчэння тэрміну пакарання я нават не паспею прайсці адбор на Гульні. Хіба што цяпер можна абскардзіць дыскваліфікацыю, каб яе зменшылі хаця б на паўгода. Тады яшчэ можна пра штосьці казаць. Але ў гэтым павінен быць зацікаўлены беларускі бок, нашы спартыўныя чыноўнікі. Пакуль я нічога такога не бачу.

РР: Думаеце, хопіць сілаў вярнуцца ў вялікі спорт пасля чатырохгадовай дыскваліфікацыі?

Надзея Астапчук: А чаму б і не? Зараз я ядро не штурхаю, але форму падтрымліваю.

РР: Чым яшчэ зараз займаецеся?

Надзея Астапчук: Як давядзецца, бо пастаяннага месца працы ў мяне няма. У свой час уклала грошы ў невялікі бізнес, так што на жыццё хапае.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота