Да 16 гадоў калоніі прыгавораны жыхар Жабінкі, які забіў калегу
Судовая калегія па крымінальных справах Берасцейскага абласнога суда 30 траўня вынесла прысуд 20-гадоваму памочніку кухара берасцейскай піцэрыі, які з асаблівай жорсткасцю забіў калегу.
Як паведаміў БелаПАН старшы пракурор аддзела пракуратуры Берасцейскай вобласці Генадзь Буры, які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачанне, злачынства было здзейсненае ў Берасце ў ноч на 31 снежня, у кватэры 39-гадовага мясцовага жыхара.
Мужчына, які працаваў у піцэрыі кур’ерам, пасля навагодняга карпаратыву прыйшоў да сябе дадому з 20-гадовым калегам. Той хацеў у яго пераначаваць і раніцай паехаць у Жабінку, дзе жыве. Падчас узніклага канфлікту госць збіў гаспадара кватэры рукамі і нагамі, а таксама нанёс яму не менш за 122 удары нажамі. Пасля гэтага малады чалавек разбіў на кухні шыбу і вылез з кватэры, размешчанай на першым паверсе. У двары шматпавярховага дома ён пачаў крычаць. Суседзі выклікалі міліцыю, і маладога чалавека затрымалі.
Гаспадару кватэры было прычынена 227 цялесных пашкоджанняў, ён памёр на месцы. Паводле заключэння судова-медыцынскай экспертызы, мужчына памёр ад масіўнай страты крыві.
Судовая калегія па крымінальных справах Берасцейскага абласнога суда прызнала маладога чалавека вінаватым на падставе п. 6 ч. 2 арт. 139 КК (забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю) і прыгаварыла да 16 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. З яго спагнана ў якасці кампенсацыі маральнай шкоды на карысць жонкі і брата забітага 30 тыс. рублёў.
У судзе фігурант крымінальнай справы прызнаў, што ад яго дзеянняў наступіла смерць калегі па працы.
Прысуд не ўвайшоў у сілу і можа быць абскарджаны.
Раней малады чалавек судзімы не быў.