Лукашэнка зрабіў кадравыя перастаноўкі ў войску
Па выніках нарады 31 траўня па ацэнцы вынікаў праверкі Узброеных сіл Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў кадравыя прызначэнні ў кіраўніцтве УС.
Як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, Аляксандр Вальфовіч, які раней займаў пасаду камандуючага войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання, прызначаны першым намеснікам начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл.
Камандуючым войскамі ПЗАК стаў Андрэй Жук. Да гэтага ён займаў пасаду намесніка камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных сіл.
Намеснікам камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання прызначаны Ігар Дземідзенка, які раней узначальваў інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне Генеральнага штаба.
Леанід Касінскі прызначаны памочнікам міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных сілах — начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны. Раней ён быў першым намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінабароны — начальнікам упраўлення маральна-псіхалагічнага забеспячэння галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны.
Да Касінскага начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінабароны быў Аляксандр Гура.
Як паведамляе дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА, паводле слоў дзяржсакратара Савета бяспекі Беларусі Станіслава Зася, непасрэдна самі кадравыя перастаноўкі не звязаны з комплекснай праверкай, якая адбылася ва Узброеных сілах, аднак пры падборы кандыдатур на адпаведныя пасады ўлічвалася, як афіцэры сябе паказалі падчас яе правядзення.