Міністра абароны адправілі ў адстаўку (абноўлена)



Адстаўка Юрыя Жадобіна азначае змену палітыкі ў мадэрнізацыі войска. Асабліва ў галіне высокатэхналагічнай зброі, авіяцыі, бронетанкавых сілаў. Так лічыць вайсковы эксперт Аляксандр  Алесін. Пакуль не вядомае прозвішча пераемніка, аднак Алесін робіць стаўку на цяперашняга  начальніка Генштабу, генерал-маёра Алега  Белаконева:

Многае гаворыць пра тое, што гэта будзе начальнік Генеральнага штабу, генерал Белаконеў, які кіраваў сіламі спецыяльных аперацый. Я думаю, доўга чакаць не будуць, бо падзеі ва Украіне не спрыяюць такім доўгім перапынкам. Прыйдзе проста чалавек, які працягне справу, але ў іншым кірунку. Зусім новенькага назначаць не будуць, бо ён доўга будзе разбірацца ў справе, а гэта шкодна.

Алег Белаконеў начальнікам Генштабу прызначаны сёлета ў студзені. Пра адстаўку Юрыя Жадобіна з пасады міністра абароны стала вядома напярэдадні, генерал ачольваў абароннае ведамства на працягу пяці гадоў.

* * *

“Прыклад Украіны паказвае, што войска трэба рэфармаваць”, – так вайсковы эксперт Аляксандар Алесін каментуе адстаўку міністра абароны Беларусі Юрыя Жадобіна. Ён таксама лічыць, што адстаўка не была нечаканай, Жадобін выканаў ужо сваю задачу.

Кажа Аляксандр Алесін:

– Падобна на тое, што адбываецца змена палітыкі ў мадэрнізацыі беларускага войска. Хутчэй за ўсё ўрокі Украіны прымусяць змяніць некаторыя напрамкі і паскорыць тэмпы мадэрнізацыі. Ва ўмовах фінансавага крызісу цяжка разлічваць, што іншы міністр зробіць больш за яго. Але я думаю, што гэта спроба змяніць тэмп мадэрнізацыі беларускага войска. Напэўна, на гэтую пасаду прызначаць чалавека больш маладого, які больш спецыяліст у сучаснай вайне.

Аляксандр Алесін не згодны з меркаваннем палітычнага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, які лічыць, што кадравыя ратацыі ў войску адбываюцца за кошт народжаных не ў Беларусі.

Каментуе палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

 – Можна адзначыць, што такі накірунак ратацый назіраецца – менавіта выхадцаў не з Беларусі. Гэта хутчэй за ўсё жэст у бок Масквы – пра сваю самастойнасць. У чым небяспека? У тым, што амаль яшчэ ўчора (а я гэта ўпэўнена кажу) ніякіх прыкметаў сыходу міністра абароны не было.

Юры Жадобін нарадзіўся ў 1954 годзе ў Днепрапятроўску (Украіна).

Пра адстаўку Юрыя Жадобіна з паста міністра абароны стала вядома 25-га лістапада.

Генерал-лейтэнант Юры Жадобін вызвалены ад пасады міністра абароны Беларусі і звольнены з вайсковай службы ў запас па ўзросце з правам нашэння ваеннай формы адзення і знакаў адрознення.

 

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 25 лістапада.

Што азначае адстаўка Жадобіна,  каментуе палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

– Калі мы глядзім біяграфію Жадобіна, то бачым, што ён нарадзіўся не ў Беларусі. Мы можам выказаць такую версію, што ідзе ратацыя прадстаўнікоў дзяржаўных структураў у тым ліку і сілавых – выхадцаў не з Беларусі. Я нагадаю, што былы начальнік службы бяспекі прэзідэнта быў таксама родам не з Беларусі. Ці з’яўляецца гэта гарантам нацыянальнай бяспекі – хто дзе і калі нарадзіўся? Не думаю.

Генэрал-лейтэнант узначальваў міністэрства 5 год. Узнагароджаны ардэнамі „За службу Радзіме” трэцяй ступені і Чырвонай зоркі, медалём „За бездакорную службу” першай ступені.

У 2011 годзе Жадобін быў уключаны ў спіс беларускіх чыноўнікаў, якіх Еўразвяз лічыць адказнымі за парушэнні правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі 2010 года.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя