Міліцыя падзякавала затрыманым 25 сакавіка праваабаронцам-назіральнікам
РУУС Савецкага раёна Менска выказала падзяку затрыманым 25 сакавіка ў сталіцы праваабаронцам-назіральнікам за „дзейнасць, накіраваную на прадастаўленне грамадству аб’ектыўнай ацэнкі ходу правядзення масавых мерапрыемстваў”.
Пра гэта сказана ў адказе начальніка РУУС на скаргу, накіраваную праваабаронцай Настай Лойкай.
Таксама міліцыя „абавязваецца ў далейшым аказваць садзейнічанне ў бяспецы назіральнікаў і бесперашкодным выкананні імі сваіх функцый”, паведаміла БелаПАН Лойка.
Разам з тым РУУС адмовілася праводзіць праверку дзеянняў сваіх супрацоўнікаў, паколькі праверку па заяве праваабаронцаў ужо правёў Следчы камітэт.
Шэсць назіральнікаў на масавых мерапрыемствах ад праваабарончых арганізацый былі затрыманыя ў Мінску каля 12 гадзін 25 сакавіка побач з рэстаранам „Лідо” на праспекце Незалежнасці. Яны збіраліся весці назіранне за абвешчанай апазіцыйным палітыкам Мікалаем Статкевічам несанкцыянаванай вулічнай акцыяй на плошчы Якуба Коласа ў сувязі са 100-годдзем абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Затрыманых пратрымалі ў РУУС да вечара. У дачыненні да пяці з іх былі складзены пратаколы па арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў). У сувязі з тым што назіральніца Таццяна Мастыкіна адмаўлялася ад дактыласкапіі, у яе дачыненні таксама склалі пратакол па арт. 23.4 КоАП (супраціўленне службовай асобе пры выкананні ёй службовых абавязкаў). Суды пры разглядзе пратаколаў накіроўвалі іх у міліцыю на дапрацоўку, аднак паўторнага разгляду спраў не было з-за заканчэння двухмесячнага тэрміну прыцягнення грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці.
У каментары БелаПАН Лойка адзначыла, што здзіўленая такому адказу з РУУС, аднак падкрэсліла, што ў ім не змяшчаецца якіх-небудзь выбачэнняў за дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. „Мне здаецца, што гэта спроба загладзіць канфлікт”, — падкрэсліла праваабаронца. На яе думку, абяцанне з боку міліцыі садзейнічаць назіральнікам па сутнасці пакуль „мала што мяняе”.
Фота: ПЦ „Вясна”