На акцыі пратэсту ля Курапатаў затрымалі актывістку Вольга Нікалайчык



Затрыманая вечарам 31 мая каля ўрочышча Курапаты грамадская актывістка Вольга Нікалайчык  раніцай 1 чэрвеня адпушчаная з міліцыі, ноч яна правяла ў РУУС Савецкага раёна Менска, паведаміў журналістам у Курапатах сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.

У дачыненні да актывісткі складзены адміністрацыйны пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КоАП). Яе тэлефон пакуль недаступны.

Нікалайчык затрымалі каля 21.45 падчас пікета супраць адкрыцця рэстарана „Паедзем паядзім” каля ўрочышча Курапаты. Другая ўдзельніца акцыі, 72-гадовая Ніна Багінская, прастаяла яшчэ каля 10 хвілін і сышла разам з журналістамі.

Нікалайчык і Багінская пачалі акцыю каля 20.30 31 мая і планавалі стаяць усю ноч. Яны запалілі сем свечак і паставілі іх уздоўж кальцавой дарогі, а таксама ўсталявалі драўляны крыж, апрануты ў ільняную сукню з нацыянальным арнаментам. На крыжы вісеў плакат „Мяне забілі ў Курапатах, на костках зрабілі кабак”.

Раней грамадскія актывісты заявілі пра намер супрацьстаяць адкрыццю рэстарана каля ўрочышча Курапаты — месца масавых пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

 

 

 

1 чэрвеня за 50 метраў ад Курапатаў, дзе некалькі гадоў таму планавалася стварыць забаўляльны комплекс „Бульбаш-хол”, будаўніцтва якога было замарожанае, павінен адкрыцца рэстаран пад назвай „Паедзем паядзім”. Ва ўпраўленні гандлю Менскага райвыканкама  пацвердзілі, што рэстаран з такой назвай быў унесены ў гандлёвы рэестр у пачатку лютага гэтага года.

„Калі дзясяткі ці нават сотні людзей будуць прыходзіць у Курапаты, весці тлумачальную працу з уладальнікамі, супрацоўнікамі і наведвальнікамі гэтага рэстарана, стане зразумела, што такой установе там не месца. Цяпер цёплая пара года, для намётаў зручны час, магчымы і такі варыянт”, — заявіў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.

На яго думку, уладальнік будынка мог бы перадаць яго грамадскасці — там можна стварыць музей сталінскіх рэпрэсій і такім чынам зняць праблему.

Вясной 2017 года актывістам удалося прадухіліць будаўніцтва бізнес-цэнтра ў былой ахоўнай зоне ўрочышча.   БелаПАН

Фота: svaboda.org