У Курапатах прайшла акцыя пратэсту супраць адкрыцця рэстарана (абноўлена)



Улады з неахвотай, толькі ўвечары 29 мая дазволілі мітынг-рэквіем у мемарыяле ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў Курапаты. Ён пройдзе 3 чэрвеня. Намеснік старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ, якая і арганізуе мерапрыемства, Юрась Беленькі ў размове з карэспандэнтам нашага радыё Генадзем Барбарычам распавёў пра перыпетыі вакол мітынгу і вакол саміх Курапатаў.

– Мітынг усё ж такі дазволены ў Курапатах 3 чэрвеня. Гэта мітынг-рэквіем з нагоды 30-годдзя выхаду знакамітага артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва „Курапаты — дарога смерці”. Але дазвол на яго нейкім дзіўным чынам атрымліваўся. У рэшце рэшт далі паперу, у якой ёсць дазвол на ўвесь фармат, які мы замаўлялі. Я гэта магу патлумачыць такім чынам: верагодна, ёсць розныя людзі, з розным бачаннем у сістэме гэтай улады, і ёсць людзі, для якіх нашэнне формы НКВД – знак годнасці. Напэўна ёсць людзі, якія цудоўна разумеюць, што Асвенцім, Курапаты, Хатынь – тыя месцы, дзе чалавечае мусіць мець прыярытэт над нейкімі палітычнымі перакананнямі, асабістымі ўяўленнямі, бо злачынствы супраць чалавецтва, генацыд – гэта тыя страшныя рэчы, якія ёсць падзелам паміж людскасцю і нялюдскасцю ў гэтым свеце. І калі свет забывае пра гэтую мяжу, пераступае, то пачынаецца новая крывавая бойня. І ў Курапатах я пастаянна пра гэта кажу.

Што тычыцца фармату мерапрыемства, то ён будзе крыху нестандартны. Гэта мітынг-рэквіем. Будуць стэнды з фатаграфіямі пра гісторыю адкрыцця Курапатаў і раскопкі, будуць прадстаўлены тыя знакамітыя матэрыялы, у якіх была раскрыта свету жудасная праўда ў дакументах. І канешне будзе рэтраспектыва: будуць прадстаўлены фатаграфіі, зробленыя цягам вось гэтых 30 гадоў змагання за Курапаты і гэтую праўду. Будуць чытацца вершы. Прагучыць рэквіем. Будуць прамовы. Таму мы запрашаем усіх людзей прыйсці ў Курапаты. Бо гэта не проста даніна памяці, але фармаване нашай будучыні. Калі мы абаронім людскасць, то забяспечым сваім дзецям і ўнукам добрую будучыню. Калі не – нас могуць чакаць новыя трагічныя падзеі.

Заяўнік мерапрыемства – Кансерватыўна-Хрысціянская партыя БНФ. Мерапрыемства пачнецца 3 чэрвеня ў 13 гадзін ля Крыжа Пакуты і закончыцца ў 16.00.

“У нашых агульных сілах не дапусціць новага крывавага сцэнару, рэальнасць якога стала вельмі верагоднай, як паказваюць апошнія часы,”  – кажа Юрась Беленькі.

Поўны гук слухайце ў далучаным гукавым файле:

 

Каля 15 чалавек узялі ўдзел у акцыі па абароне ўрочышча Курапаты — месца масавых пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій, паблізу якога гэтымі днямі плануецца адкрыццё забаўляльнага комплексу з рэстаранам „Паедзем паядзім”.

„Раней персанал паведамляў, што адкрыццё можа адбыцца сёння, аднак пазней у аблвыканкаме паведамілі, што яно можа быць перанесенае”, — заявіў перад пачаткам акцыі сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.

Па словах сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, адкрыццё рэстарана ў непасрэднай блізасці з мемарыялам, дзе пахаваны тысячы ахвяр сталінскіх рэпрэсій, амаральна і недапушчальна.

— Зараз адбываецца акцыя абароны Курпатаў. Мы падыйшлі да сумнавядомага Бульбаш-холу, які цяпер называецца «Паедзем-паядзім». Мы папярэджваем ягоных улалальнікаў, арандатараў і супрацоўнікаў: у гэтым месцы рэстаран і забяўляльнц комплекс спакойна працаваць не будуць, гэта Курапаты. Мы прапаноўваем бескаштоўна перадаць грамадскасці гэтыя будынкі для стварэння Музея сталінскіх рэпрэсій.

Акцыі, паводле яго слоў, 1—3 чэрвеня пройдуць ва ўрочышчы ў любым выпадку. У панядзелак, 4 чэрвеня, аргкамітэт па абароне Курапатаў збярэцца, каб абмеркаваць далейшыя дзеянні ў залежнасці ад развіцця сітуацыі.”Сёння мы пакажам, што гатовыя адстойваць Курапаты. Мы прапануем уладальнікам перадаць гэтыя будынкі грамадскасці для адкрыцця ў іх музея„, — сказаў Севярынец.Актывісты прайшлі праз урочышча пад бел-чырвона-белым сцягам да будынка забаўляльнага цэнтра, на ўваходзе якога вісіць шыльда „Зачынена”.

За ўдзельнікамі акцыі назіралі супрацоўнікі міліцыі ў форме і ў цывільным. Актывісты прапаноўвалі ім буклеты з інфармацыяй пра падзеі ў Курапатах, але тыя адмаўляліся.

У канцы акцыі яе ўдзельнікі сталі каля ўваходу ў будынак. Кожны з іх трымаў талеркі з намаляванымі мішэнямі, а таксама па адной літары з лозунга кампаніі ў абарону Курапатаў: „Не кабак, а музей”.

У інтэрв’ю журналістам Севярынец заявіў, што ў выпадку адкрыцця забаўляльнай установы актывісты не дадуць ёй спакойна працаваць. „Мы будзем прыходзіць да наведвальнікаў установы і расказваць пра тое, дзе яна знаходзіцца”, — сказаў ён.

Актывіст апазіцыі Зміцер Дашкевіч, які ў сакавіку 2017 года ўзначаліў грамадскую кампанію супраць будаўніцтва ў Курапатах бізнес-цэнтра і быў ініцыятарам усталявання палатачнага мястэчка, заявіў журналістам, што ў гэтым выпадку ён не бачыць асаблівага сэнсу ўсталёўваць палаткі да адкрыцця рэстарана. Паводле слоў Дашкевіча, ён вызначыць сваю пазіцыю па чарговай акцыі ў абарону Курапатаў ужо пасля таго, як ўстанова адкрыецца.

Нагадаем, некалькі гадоў таму тут планавалася адкрыць забаўляльны комплекс „Бульбаш-хол”, але затым будаўніцтва было замарожанае. Ва ўпраўленні гандлю Менскага райвыканкама БелаПАН паведамілі, што рэстаран з назвай „Паедзем паядзім” быў унесены ў гандлёвы рэестр у пачатку лютага гэтага года.

Увечары 31 траўня каля Курапатаў была затрыманая грамадская актывістка Вольга Нікалайчык. Ноч яна правяла ў РУУС Савецкага раёна Менска. У дачыненні да актывісткі складзены адміністрацыйны пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КоАП).

Як паведамлялася, за 50 метраў ад Курапатаў павінен адкрыцца рэстаран пад назвай „Паедзем паядзім”. Некалькі гадоў таму тут планавалася стварыць забаўляльны комплекс „Бульбаш-хол”, будаўніцтва якога было замарожанае. Ва ўпраўленні гандлю Мінскага райвыканкама БелаПАН пацвердзілі, што рэстаран з такой назвай быў унесены ў гандлёвы рэестр у пачатку лютага гэтага года.

Вясной 2017 года актывістам удалося прадухіліць будаўніцтва бізнес-цэнтра ў былой ахоўнай зоне ўрочышча.

 

Тэлеканал „Белсат” вёў анлайн-трансляцыю з месца падзей.

⚡️ СТРЫМ Пратэст у Курапатах супраць адкрыцця рэстарацыі «Паедзем, паядзім»

Gepostet von «Белсат» am Freitag, 1. Juni 2018