Ці рэальна ўвесці выплаты за нованароджаных дзяцей у Міхалове?



Дафінансаванне для сям’і за нованароджанага дзіцяці – гэта выбарчая прапанова бурмістра Міхалова Марка Назарка, які ў першым туры выбараў  атрымаў 44 адсоткі, а яго сапернік Уладзімір Канончук 42 адсоткі. Дафінансаванне для сям’і дапаможа пазбегчы выезду маладых людзей з Міхалова, лічыць Марак Назарка:

– Думаем пра выплаты за кожнае народжанае дзіця. За другое – 800 злотых штомесяц. Трэцяе – 1000 злотых штомесяц. Дапамога павінна выплочвацца на працягу года. Таксама каб людзі, якія працуюць без медычных і пенсійных дамоваў, мелі пэўнасць, што калі народзіцца дзіця, то ўсё роўна гэтая дапамога павінна быць.

Запазычанасць гміны – гэта 10 мільёнаў злотых, і на гэты час прапанова Назаркі – гэта яго асабістая фантазія, кажа другі кандыдат Уладзімір Канончук:

– Абяцаць можна, але як будзе далей, гэтага ніхто не ведае. Гэты аргумент вельмі слабы для рэалізацыі. Трэба сюды завабіць гаспадарчыя структуры, даць ім падаткавыя ільготы, трэба працягваць працу ў кірунку эканамічнай зоны.

Другі тур выбараў на бурмістра Міхалова ў бліжэйшую нядзелю.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя