Абхазія у абдымках Расеі



У панядзелак 24 лістапада расейскі прэзідэнт падпісаў з кіраўніком самаабвешчанай грузінскай рэспублікі Абхазіі Дамову “Аб саюзніцтве і стратэгічным партнёрстве”. Правакацыйная дамова азначае дэ-факта далучэнне да Расеі чарговай часткі суседняй дзяржавы.

Дзеля гэтага Уладзімір Пуцін запрасіў Рауля Хаджымбу ў Сочы. Там яны падпісалі дакумент, які прадугледжвае цеснае супрацоўніцтва ў галіне абароны і павялічэнне ўдвая фінансавай дапамогі для Абхазіі. У рамках дамовы, сярод іншага, Пуцін абяцаў спрыяць умацаванню міжнародных сувязяў Абхазіі, пашырэнню кола дзяржаў, якія яе прызнаюць. Першым і асноўным пунктам дамовы будзе стварэнне “агульнай прасторы бяспекі і абароны, сфармаванне аб’яднанай групоўкі войскаў на выпадак знешняй агрэсіі”. З думкай пра спробу Тбілісі вярнуць Абхазію пад свой кантроль Расея зоймецца мадэрнізацыяй і абвучэннем абхазскіх узброеных сілаў і паставіць ёй найноўшую зброю. Расейцы і абхазцы разам будуць кантраляваць мяжу з Грузіяй. У замен за вайсковае супрацоўніцтва Расея абяцала абхазцам фінансавую дапамогу. У прыватнасці, узрастуць заробкі работнікаў абхазскіх дзяржаўных установаў: у сферы аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту ды іншых бюджэтнікаў да ўзроўню адпаведных катэгорыяў насельніцтва у паўдзённай акурузе Расейскай Федэрацыі. У наступным годзе фінансавая дапамога для Сухумі складзе 5 мільярдаў рублёў.

Рэакцыя з боку Еўразвязу была прадказальная. “У прынцыпе гэтая Дамова нічога не змяняе ў пазіцыі Бруселю: мы надалей падтрымліваем тэрытарыяльную цэласнаць Грузіі,” – заявіў кіраўнік назіральнай місіі Еўразвязу ў Грузіі Тойво Клаар. Аналагічную пазіцыю выказаў і генеральны сакратар НАТО Енс Стольтэнберг. Бурныя пратэсты супраць пашырэння вайсковага супрацоўніцтва паміж Абхазіяй і Расеяй адбыліся ў Грузіі. Яшчэ да падпісання дамовы тысячы грузінаў дэманстравалі пад лозунгамі “Не – захопу”. У Тбілісі заяўляюць, што новая дамова на практыцы азначае замацаванне адрыву самаабвешчанай рэспублікі і яе паглынанне Расеяй.

Такія заявы нічога не значаць і шкада ўпустую трапаць языкамі. Расея менш гаворыць, а больш робіць: метадычна, планава, паслядоўна. Яна стварыла некалькі пратэктаратаў: Паўдзённую Асецію, Абхазію, Прыднястроўе, затым бяз адзінага выстралу адарвала ад Украіны Крым ды захапіла частку Данбасу. Цяпер гэтыя рэгіёны акупаваныя расейскімі войскамі, якія гарантуюць, што яны не вернуцца пад кантроль ні Грузіі, ні Малдовы, ні Украіны. Для Грузіі гэта ясны сігнал: пра Абхазію можаце забыць. Яна ўжо ніколі не вернецца да вас. Будучы ў Кіеве, былы польскі дысідэнт і галоўны рэдактар “Газэты выборчай” Адам Міхнік заявіў, што цяперашняя сітуцыя вельмі нагадвае 38-ы год. Тады гітлераўская Нямеччына заняла Рурскі басейн, потым Аўстрыю і затым Чэхаславаччыну, а заходнія лідары збіраліся, абмяркоўвалі, асуджалі, выказвалі занепакоенасць і таму падобнае.

Бяздзейнасць Захаду аналагічная той, з канца 30-х гадоў, гэта адно. Нельга таксама недаацэньваць факт, што подкупам і рознымі хітрыкамі Масква стварае прарасейскае лоббі ў саміх еўрапейскіх краінах. Прамыўшы поўнасцю мазгі сваім грамадзянам, яна паспяхова вербуе сваіх прыхільнікаў і адвакатаў сярод уплывовых еўрапейскіх палітыкаў. Вось прэзідэнт Чэхіі Мілош Зэман заклікае змірыцца са стратай Крыму. З гэтай нагоды ў Чэхіі з’явіліся білборды з выявай крымскататарскага лідара Мустафы Джэмілева і надпісам: “”За нязгоду з савецкай акупацыяй Чэхаславаччыны я адсядзеў тры гады, а цяпер прэзідэнт Чэхіі заклікае змірыцца з акупацыяй Крыму”. Ганьба. Чэхі павінны дамагчыся адстаўкі гэтага маскоўскага служкі. Затое еўрапейскія краіны павінны расследваць, якія партыі і палітыкі падкупленыя Масквою. Пара паказаць грамадству гэтых прадажных людзей і прапанаваць ім з’ехаць да сваіх спонсараў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ