Лукашэнка абяцае новыя гучныя карупцыйныя выкрыванні



У найбліжэйшыя дні грамадскасці стане вядома пра новыя гучныя карупцыйныя выкрыванні, заявіў Аляксандр Лукашэнка журналістам 2 чэрвеня падчас рабочай паездкі ў Берасцейскую вобласць.

„Днямі вы пачуеце яшчэ новыя факты. Яны ўжо сядзяць там — у следчым ізалятары. Проста зараз матэрыялы рыхтуем для таго, каб вам паведаміць, а вы грамадскасць азнаёмілі з гэтым”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

„Я ж папярэдзіў: глядзіце, што даравання не будзе нікому. Асабліва тым, хто носіць цяжкія пагоны. Асабліва той, хто памочнік прэзідэнта. Тыя, хто побач, тыя адкажуць больш за каго-небудзь”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка адзначыў, што яму, вядома, непрыемна, калі высвятляецца, што людзі пры высокіх пасадах займаюцца карупцыяй. „Але я ў пасланні народу і парламенту не тонка, а буйна намякнуў. Потым недзе сказаў, што на волі лепш жабраком, чым багатым у турме. Гэта ім быў сігнал. Гэта звярнулі ўвагу на гэты факт, а ён жа не адзін. На жаль, дзясятак гэтых фактаў”, — сказаў афіцыйны лідар.

„Як на мяне можна крыўдзіцца, калі я, прызначаючы людзей, пра гэта ўвесь час іх папярэджваю. Але гэта іх лёс. Таму здзіўляцца не трэба. З усімі будзе тое ж самае, калі будзе выяўленае”, — падсумаваў кіраўнік дзяржавы.

Варта адзначыць, што праваахоўныя органы Беларусі ў першым квартале выявілі ўдвая больш карупцыйных злачынстваў, чым за такі ж перыяд мінулага года. Пры гэтым міжнародная арганізацыя Transparency International, якая вымярае ўзровень карупцыі па ўсім свеце, ужо два гады паляпшае рэйтынг Беларусі. У даследаванні, апублікаваным сёлета, краіна заняла 68-е месца, а яшчэ два гады таму знаходзілася на 107-м.

Генеральны пракурор Аляксандр Канюк заявіў журналістам 26 красавіка, што апошнім часам праваахоўныя органы Беларусі актывізавалі барацьбу з карупцыяй. Паводле яго слоў, „калі з’яўляецца нейкая статыстыка павелічэння карупцыйных злачынстваў, гэта не азначае, што грамадства стала больш карупцыйным”. „Гэта павелічэнне актыўнасці праваахоўных органаў”, — канстатаваў Канюк.

Лукашэнка нядаўна падзякаваў КДБ за вынікі барацьбы з карупцыяй. „Эфектыўная барацьба з карупцыяй бачная. У КДБ гэтаму надаюць вялікае значэнне. Малайцы хлопцы, якія працуюць у гэтым напрамку”, — заявіў ён 2 мая падчас дакладу старшыні Камітэта дзяржбяспекі Валерыя Вакульчыка.

belapan.by