«Дзень памяці пра генацыд» у Курапатах (абноўлена)



У мемарыяле Курапаты пад Менскам адбыўся мітынг-рэквіем „Дзень памяці пра генацыд”. Яго арганізавала Кансерватыўна-Хрысціянская партыя БНФ. Мітынг прысвечаны 30-годдзю праўды аб гэтым месцы масавых расстрэлаў і пахаванняў сталінскіх часоў, пра што было рассказана ў артыкуле Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва „Курапаты – дарога смерці”.

На пачатку мерапрыемства прагучаў аўдыёзварот Зянона  Пазьняка:

Трэцяга чэрвеня спаўняецца 30 гадоў з таго дня, які перамяніў Беларусь, які ўзняў угару беларускі дух народнага сумлення і права справядлівасці. У гэты дзень Беларусь пачула рэальную народную праўду пра сталінскі генацыд, і гэтая праўда ўскалыхнула людскія душы.

У 10-хвілінным аўдыёзвароце Зянон Пазьняк распавёў пра гісторыю адкрыцця і даследавання Курапатаў. А таксама заклікаў змагацца за мемарыял, абараніць яго ад правакацый накшталт будаўніцтва, а зараз ужо і запланававанага адкрыцця рэстарана і забаўляльнага цэнтра пад назвай „Поедем, поедим” каля ўрочышча, дзе і зараз у зямлі парэшткі забітых у 30-я гады мінулага стагоддзя. 

* * * 

Удзельнікі акцыі КХП-БНФ назвалі генацыдам беларускага народа расстрэлы людзей, якія прайшлі ў канцы 30-х — пачатку 40-х гадоў мінулага стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты. Пра гэта падчас мітынгу-рэквіема, які адбыўся 3 чэрвеня на ўваходзе ў мемарыяльны комплекс, заявілі яго ўдзельнікі — намеснікі старшыні партыі Сяргей Папкоў і Юрась Беленькі. Таксама пра гэта гаварылася ў заяве кіраўніка партыі Зянона Пазьняка, якая была зачытана на мітынгу.

На мітынгу прысутнічае больш за 100 чалавек. Разгорнута каля двух дзясяткаў бел-чырвона-белых сцягоў.

За акцыяй назіралі супрацоўнікі міліцыі, у тым ліку людзі ў цывільным.

4 чэрвеня аргкамітэт у абарону Курапатаў плануе сабрацца, каб абмеркаваць далейшыя дзеянні.

* * * 

У нядзелю, 3 чэрвеня, у Курапатах прайшоў мітынг, прысвечаны 30-годдзю адкрыцця ўрочышча пад Менскам, дзе ў 1930-х расстралялі і пахавалі сотні тысяч чалавек. 

Што тычыцца фармату мерапрыемства, то ён крыху нестандартны. Гэта мітынг-рэквіем.

Ёсць стэнды з фатаграфіямі пра гісторыю адкрыцця Курапатаў і раскопкі, прадстаўлены тыя знакамітыя матэрыялы, у якіх была раскрыта свету жудасная праўда ў дакументах.

Артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога смерці»

 

Таксама прадстаўлены фатаграфіі, зробленыя цягам вось гэтых 30 гадоў змагання за Курапаты і гэтую праўду. Прагучаць вершы і рэквіем. Будуць прамовы.

«Гэта не проста даніна памяці, але фармаване нашай будучыні. Калі мы абаронім людскасць, то забяспечым сваім дзецям і ўнукам добрую будучыню. Калі не – нас могуць чакаць новыя трагічныя падзеі», – адзначыў намеснік старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ, якая арганізуе мерапрыемства, Юрась Беленькі ў размове з карэспандэнтам нашага радыё.

Мітынг у Курапатах раённыя ўлады дазволілі. Заяўнік мерапрыемства – Кансерватыўна-Хрысціянская партыя БНФ. Мерапрыемства пачынаецца ў 13 гадзін ля Крыжа Пакуты і закончыцца ў 16.00.

Беларускае Радыё Рацыя