Курапаты – дарога праўды



Роўна трыццаць гадоў таму – 3 чэрвеня 1988 года – у газеце “Літаратура і Мастацтва” быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты – дарога смерці”. Гэтая публікацыя неўзабаве выклікала надзвычай шырокі грамадска-палітычны рэзананс. Памятаю той ажыятаж, калі мы з сябрамі, яшчэ студэнтамі, бегалі ад аднаго да другога газетнага кіёска. Інтэрнэтнаму пакаленню не зразумець, што тагачасны ЛіМ быў тады ледзь не адзінай крыніцай патрэбнай і рэдкай інфармацыі, газету ў шапіках расхоплівалі імгненна. Ну а згаданы артыкул стаўся сапраўднай інфармацыйнай бомбай. Трэба сказаць, што пасля яго выхаду, ужо аніводны “старарэжымны” выкладчык нашага ўніверсітэту не пасмеў хоць у нечым пахваліць савецкі сталінскі рэжым. Такой была моц, здавалася б, звычайнай (падкрэслю, па сённяшніх мерках!) газетнай публікацыі, якая ўпершыню раскрыла маштабы масавых расстрэлаў 1937-1941 гадоў. Колькасць ахвяраў можа складаць больш 100 тысяч.

Літаральна праз пару тыдняў – 19 чэрвеня 1988 года пад Менскам у Курапатах прайшоў шматлюдны мітынг (ён сабраў каля 10 тысяч чалавек) памяці ахвяраў сталінскага генацыду з патрабаваннем стварэння адпаведнай следчай камісіі. З таго часу прайшоў амаль цэлы гістарычны перыяд, але дагэтуль уся праўда пра савецкія расстрэлы мірнага насельніцтва ў Курапатах не раскрытая і не пацверджана афіцыйна. Больш таго, гэтыя трыццаць гадоў беларуская грамадскасць змушана бараніць створаны народны мемарыял ад розных здзекаў і блюзнерства.

Прыгадаю тут яшчэ некалькі рэтраспектыўных момантаў. 15 студзеня 1994 года ў Менск з афіцыйным візітам прыехаў прэзідэнт ЗША Біл Клінтан. Тады адбыліся яго сустрэчы з кіраўнікамі дзяржавы Станіславам Шушкевічам, Вячаславам Кебічам, а таксама прадстаўнікамі апазіцыі – Зянонам Пазьняком і Аляксандрам Дабравольскім. Што вельмі важна, Клінтан таксама наведаў Курапацкі лес. Тады ж быў усталяваны памятны знак ахвярам. Пазней так званую “лаву Клінтана” неаднаразова ламалі невядомыя вандалы – то раскалолі гранітную пліту, то скралі вянок, то размалёўвалі. Ніхто гэтых злачынцаў, канешне, па-сапраўднаму не шукаў.

20 верасня 2001 года – новая дата ў гісторыі мемарыялу. З нагоды пашырэння менскай кальцавой шашы ўлада пачала нішчыць урочышча Курапаты. Пасля гэтага пачаўся рух у абарону гэтай мясціны, якую ўдалося адбіць. Абарона доўжылася ажно 250 дзён (!) – да 2 чэрвеня 2002 года. У выніку Менская кальцавая дарога была пашырана з боку Курапатаў на пару дзясяткаў метраў, але пайшла іначай, чым планавалася пачаткова.

У Курапатах расстрэльвалі не толькі беларусаў, нямала было забіта і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, у тым ліку яўрэяў і палякаў. 29 кастрычніка 2004 года адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака ад беларускіх яўрэяў ахвярам сталінізму. Што цікава, гэты мемарыяльны знак зроблены з каменя, які калісьці быў часткай помніка Сталіну ў Менску. А 29 кастрычніка 2012 года ў лесе быў усталяваны памятны знак польскім афіцэрам, расстраляным НКВД. На наступны дзень знак быў знішчаны.

Далей, як вядома, знайшліся бізнесоўцы, якія пастанавілі упрытык да памятнага месца стварыць забаўляльны комплекс ды яшчэ са зневажальнай назвай “Бульбаш-хол”. Пачаўся новы этап пратэстаў і змагання. Урэшце ганебнае будаўніцтва нібыта ўдалося спыніць. Пра неабходнасць існавання мемарыяла пачалі гаварыць нават уладныя ідэолагі, кшталту былога адыёзнага рэдактара галоўнай урадавай прапагандысцкай газеты. Здавалася б справа наступу на Курапаты вырашана і закрытая. Аднак зараз зноў пайшоў наступ – побач з месцам расстрэлаў хочуць усё ж размясціць “кабак” пад назвай “Поедем –  поедим”. І зноў мемарыяльна-ахоўная зона пад пагрозай здзеку і абразы.

Курапаты для сённяшніх беларусаў – гэта не проста месца памяці. Гэта сімвал эпохі, гэта памяць пра тое, чаго нельга дапусціць ізноў. Курапаты – гэта дарога да гістарычнай праўды, якая павінна прывесці дзяржаву да сапраўднага пакаяння і адмовы ад фальшавання мінулага, ад усіх гэтых пачварных “ліній Сталіна” і “мундураў НКВД”, а грамадства – да катарсісу.

Уладзімір Хільмановіч

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ