Гомельскаму відэаблогеру пагражаюць судом



У Гомелі пагражаюць судом відэаблогеру канала “Грамадства Гомель” Арцёму Шапараву. На аўтара сацыяльных ролікаў склалі пратакол з ініцыятывы дырэктаркі школы №3 Ніны Старажэнкі. Кіраўніца навучальнай установы паскардзілася на змест відэа і на тое, што на адным з фотакалажаў яна прадстае ў форме, якая нагадвае нацысцкую.

Арцём Шапараў гаворыць, што ўзяўся за праблему Дэкрэта №18, на падставе якога могуць адабраць дзяцей, невыпадкова.

– Маё дзяцінства прайшло ў праблемнай сям’і. Я ведаю, як працуюць сацыяльныя службы. І ў такія сем’і, дзе жыў я, яны не ходзяць. І зараз працягваецца тое ж самае. Ад нармальных маці яны патрабуюць чагосьці немагчымага для статыстыкі . У нашай краіне ўсё для статыстыкі. Дэкрэт №18 – гэта зброя ў руках дробных чыноўнікаў, такіх як дырэктары і выхавацелі. Гэта магчымасць маніпуляваць людзьмі, бо калі з’яўляецца магчымасць маніпуляваць тваімі дзецьмі, чалавек цалкам безабаронны.

Арцём Шапараў зняў рэзанансны відэасюжэт пра адзінокую маці чатырох дзяцей Антаніну Шайнюк. Адміністрацыя школы №18 у асобе дырэктара Ніны Старажэнкі пагражала паставіць на ўлік сям’ю з-за размаляваных дзецьмі шпалераў і наяўнасці хворага сабакі.

Паводле апошняй інфармацыі, суд вярнуў адміністрацыйную справу па артыкуле 17.10 (прапаганда нацысцкай сімволікі) на дапрацоўку ў міліцыю.  

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота: скрыншот з відэа