Партыя БНФ патрабуе зрабіць па-беларуску надпісы на параднай арцы ў Магілёве



Магілёў — беларускі горад, і вітаць гасцей ён павінен па-беларуску, гаворыцца ў заяве Партыі БНФ, накіраванай на адрас кіраўніка Магілёўскага гарвыканкама Уладзіміра Цумарава, у сувязі з афармленнем параднай аркі, якая ўзводзіцца ў абласным цэнтры.

На выездзе з горада ў бок Менска будуюць арку „стваральнікам Магілёва”, якую мясцовыя ўлады назвалі „трыумфальнай”. Паводле афіцыйнай інфармацыі, арку будуюць на ахвяраванні, таму яна абвешчана „падарункам гораду да 750-годдзя ад магіляўчан”. Работы пачалі ў мінулым годзе ў ліпені, дарабілі бетонную канструкцыю, але на далейшае будаўніцтва грошай не хапіла. Цяпер чыноўнікі просяць аб ахвяраваннях у арганізацый і прадпрыемстваў горада, матывуючы тым, што „арка палепшыць знешняе аблічча абласнога цэнтра з улікам V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі”. Аднак многія магіляўчане бачаць у аб’екце „помнік славалюбству” цяперашняга кіраўніцтва Магілёва і лічаць яго ўзвядзенне бяздумным марнаваннем грошай. Мяркуецца, што аб’ект будзе здадзены на дзень горада — 28 чэрвеня.

На праектных узорах арка ўпрыгожана рускамоўнымі надпісамі і атрыбутамі савецкага часу. „Калі нельга ўжо разбурыць узведзенае, то няхай робяць па-беларуску, не ператвараюць беларускі горад у кальку расійскага”, — пракаментаваў зварот старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

„Беларусь з’яўляецца адзінай краінай, дзе беларуская мова і культура маюць поўнае права і магчымасць для развіцця без перашкод. Ні адна іншая краіна такога права беларусам не гарантуе. Гэта павінна быць не толькі зафіксавана ў прававых актах, але і адлюстравана ў знешнім афармленні важных збудаванняў”, — лічыць Кастусёў.

„Паколькі Магілёў — беларускі горад, у якім жыве больш за 70% беларусаў, то і вітаць гасцей ён павінен па-беларуску. Акрамя таго, трыумфальная арка як фундаментальны аб’ект, які ўзводзіцца на стагоддзі з нагоды 750-годдзя Магілёва (пра гэта пішуць СМІ) , павінен праслаўляць не толькі перыяд савецкага мінулага, але і ўсю гісторыю горада, падкрэсліваючы яе ўсёабдымную шматграннасць. Арка павінна перадаваць наступным пакаленням знак, што і праз 750 гадоў ад стварэння горад Магілёў застаецца беларускім. Госці ў Магілёў прыязджаюць убачыць не копіі таго, што пабудавана ў іншых гарадах свету”, — падкрэсліў апазіцыйны палітык. На яго думку, арка павінна стаць „аб’ектам гонару, а не падставай для непатрэбных спрэчак і інсінуацый, шкодных для адзінства беларускага народа”.

Партыя БНФ заклікае выкарыстаць у вонкавым афармленні аркі надпісы на беларускай мове, а таксама ініцыяваць абмеркаванне яе знешняга мастацкага і скульптурнага аздаблення з удзелам магілёўскіх гісторыкаў, краязнаўцаў, мастакоў, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і іншай зацікаўленай грамадскасці.

Заява накіравана таксама старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы магіляўчаніну Ігару Марзалюку.

belapan.by