Актывісты перакрылі ўезд на тэрыторыю забаўляльнага комплексу ля Курапатаў
Незадоўга да меркаванага адкрыцця забаўляльнага комплексу з рэстаранам „Паедзем паядзім” каля ўрочышча Курапаты (5 чэрвеня ў 15.00) каля дзясятка грамадскіх актывістаў перакрылі ўезд на яго тэрыторыю.
На просьбу супрацоўніка комплексу ачысціць праезд актывісты не адрэагавалі, не прапусціўшы за вароты мікрааўтобус.
Каля 14.45 супрацоўнікі комплексу выцягнулі шланг і шчоткай пачалі змываць надпіс „Кабак на костках! Паядзім?”. Актывісты суправаджалі іх працу крыкамі „Ганьба!”, „Жыве Беларусь!”, „Не кабак, а музей”, „Мафія!”. Апазіцыйны палітык Павел Севярынец спытаў у работнікаў комплексу: „А кроў гэтак жа будзеце змываць? Праз плітку будзе праступаць кроў”.
Да акцыі пратэсту далучыўся адзін з лідараў „Маладога фронту” Дзмітрый Дашкевіч і актывістка апазіцыі Ганна Шапуцька.
Севярынец паведаміў журналістам, што ў выпадку адкрыцця комплексу ўдзельнікі пратэсту пачнуць раздаваць інфармацыю пра Курапаты ўсім яго наведвальнікам, а таксама стануць масава пакідаць негатыўныя водгукі ў кнізе скаргаў установы. „Па першым нашым патрабаванні нам, як наведвальнікам і спажыўцам, павінны даць кнігу скаргаў. Выбачайце, але вы ведалі, дзе адкрываецеся”, — дадаў ён.
Удзельнікі акцыі супраць адкрыцця забаўляльнага комплексу з рэстаранам „Паедзем паядзім” каля Курапатаў маюць намер сабрацца 6 чэрвеня, каб чытаць вершы, прысвечаныя тэме рэпрэсій.
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „БХД” Павел Севярынец паведаміў журналістам, што з поўдня 6 чэрвеня яны чакаюць каля ўезду ў комплекс паэтаў і бардаў, „асабліва тых, у каго ёсць вершы на тэму рэпрэсій, пакаяння, Курапатаў”. Севярынец назваў гэта „марафонам паэтычнай абароны”.
„Сёння мы стаім да вечара, да канца працоўнага дня, — заявіў палітык. — Нам удалося развярнуць некалькі аўтамабіляў. „Белыя каўнерыкі” засталіся без адкрыцця і без кліентаў. Думаю, калі абарона пратрымаецца некалькі дзён — яны зразумеюць, што на гэтым месцы проста збанкрутуюць”.
Грамадскія актывісты і палітыкі збіраюцца ў Курапатах з 31 мая. 3 чэрвеня ў Курапатах адбыўся дазволены ўладамі мітынг, арганізаваны Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй — БНФ, галоўнай тэмай якога стала пагроза для гісторыка-культурнай каштоўнасці, якая зыходзіць ад забаўляльнай установы.