Калі музы маўчаць…



Як казаў класік, што нарадзіўся 6 чэрвеня (а разважаць пра нацыянальную прыналежнасць класікаў – прыкмета дрэннага густу!): “Быть можно дельным человеком и думать о красе ногтей…» То бок многія рэчы можна спалучыць. Галоўнае – думаць у дадзеным кірунку і правільна прыярытэты расставіць.

Сядзіба іншага “класіка” – Міхала Клеафаса Агінскага – знаходзіцца на чарговым этапе рэстаўрацыі… Ёсць тут рэчы, зробленыя з густам, але без заўвагаў не абыдзешся. Па той простай прычыне, што не так шмат у Беларусі палацаў і паркаў, што захаваліся да нашых дзён, а Агінскі – асоба знакавая не толькі для беларусаў, але і для іншых народаў. Брэнд і талент. Так, мы жывём ужо ў 21 стагоддзі! Так, мы павінны грошы ашчаджаць, бо фінансавы крызіс меў свой пачатак і не мае бачнага фінішу… Так, трэба зарабляць грошы на турызме… Але… Ці можна сумясціць аўтэнтыку і сучаснасць? Паспрабуем разабрацца.

У Залессі на Смаргоншчыне завершаны чарговы этап ландшафтнага ўпарадкавання — рэканструкцыя става і гідратэхнічных збудаванняў у музеі-сядзібе Агінскага. Думаецца, былы гаспадар мог бы пакрытыкаваць будаўнікоў смаргонскага трэсту за такі “рамонт”, але зрабіў бы зніжку на 21 стагоддзе ды інтарэсы турыстаў-авантурыстаў. Ён быў і бізнесмен таксама! У рэшце рэшт, можна ладзіць атмасферныя імпрэзы ды ствараць у сядзібе творчую аўру ў асучасненых інтэр’ерах, але… З’явілася тое, што прымусіла б князя скарыстаць ненарматыўную лексіку ў ацэнках таго, што з’явілася ў Залессі, – новая кітайская альтанка на старым падмурку і шырокая дарога да яе, бярозкамі абсаджаная. Бярозкі Пушкіну Аляксандру Сяргеевічу пасавалі б, але… Агінскі і бярозы? Дзіўныя рэчы.

Памеры яшчэ не дабудаванай альтанкі ўражваюць таксама. Ці будзе за ёй бачны валун памяці Тадэвуша Касцюшкі? Пытанне спрэчнае і нявырашанае. Тым часам добра вядома, што альтанка Амеліі, якая захавалася даволі добра, і стайня князя чакаюць грошай і працы для рэстаўрацыі… Ці дачакаюцца? Што мы маем у дадзеным выпадку – праблемы з густам або нерацыянальнае размеркаванне фінансаў? Ці не лепш было б аднавіць тое, што цудам захавалася з часоў Агінскага да лета 2018 года? Бадай, гэта яшчэ адзін прыклад пыхі ўжо 21 стагоддзя…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ