Віцэ-прэзідэнт ЕБРР: Эканоміцы Беларусі патрэбна зніжэнне залежнасці ад Расеі



Віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) Алан Пію лічыць неабходным зніжэнне залежнасці беларускай эканомікі ад Расіі і дыверсіфікацыю крыніц яе росту. Пра гэта ён заявіў 7 чэрвеня на брыфінгу ў Менску.

„Не сакрэт, што расейская эканоміка наўпрост уплывае на эканоміку Беларусі. Краіна шмат экспартуе ў Расею, і калі экспарт скарачаецца, то гэта адразу адбіваецца на беларускай эканоміцы. Таму галоўным фактарам кіравання беларускай эканомікай павінна стаць дыверсіфікацыя крыніц яе росту”, — падкрэсліў Пію.

У прыватнасці, паводле яго слоў, гэта магла бы быць „арыентацыя як на еўрапейскія краіны — Польшчу, Германію, так і арыентацыя на іншыя — ўсходнія краіны, Кітай, напрыклад”.

„Неабходна пазбягаць празмернай залежнасці. І праблема заключаецца ў тым, што гэтага дамагчыся вельмі няпроста — даводзіцца прыкладаць шмат намаганняў”, — сказаў віцэ-прэзідэнт ЕБРР.

Як адзначыў Пію, сучасныя тэмпы росту беларускай эканомікі „бачацца разумнымі”. „Нацыянальны банк праводзіць узважаную грашова-крэдытную палітыку, якая зрабіла істотны ўплыў на інфляцыю. І, як вынік, гэта станоўча паўплывала на ўзровень працэнтных ставак”, — падкрэсліў ён.

Разам з тым, на думку віцэ-прэзідэнта ЕБРР, у беларускай эканоміцы „ёсць элементы, дзе неабходнае паляпшэнне”. „Дзяржаўны сектар усё яшчэ вымывае сродкі з бюджэту, павінен быць таксама ўзмоцнены стан золатавалютных рэзерваў”, — згадаў Пію.

Згодна з апошняй ацэнкай ЕБРР, беларуская эканоміка у 2018 годзе вырасце на 3%.

Летась ВУП Беларусі вырас на 2,4%. У прагноз развіцця на гэты год урадам закладзеная выніковая лічба росту эканомікі 3,5%.

За студзень—люты прырост склаў 5,6%, за студзень—сакавік — 5,1%, за студзень—красавік — 4,8%.

belapan.by