Актывісткі пакараныя штрафамі за пікет на плошчы Свабоды ў Менску
Чарговыя штрафы за пікет прысуджаны праваабаронцы Тамары Сяргей, а таксама грамадскім актывісткам з Бабруйску Любові Санкевіч і Валянціне Каваленцы. Пікетаванне адбылося 24 красавіка на плошчы Свабоды ў Менску і было прымеркаванае да выступу Аляксандра Лукашэнкі са зваротам да народу і парламенту. Напярэдадні акцыі гэтыя грамадзяне паспрабавалі сустрэцца з кіраўніком дзяржавы. А калі ахова іх не прапусціла, то выйшлі на плошчу Свабоды з плакатамі.
– Калі мы прыйшлі на плошчу, нас ужо чакалі людзі ў цывільным. Як толькі мы разгарнулі плакаты, яны адразу ж пачалі нас здымаць. Яны не рабілі нам заўвагаў, не спынілі нашае пікетаванне, калі вырашылі, што мы здзяйсняем адміністрацыйнае правапарушэнне. Прайшло літаральна некалькі тыдняў, і нам прыйшлі пратаколы. То бок, нас не выклікалі, як патрабуе закон. Мы не давалі ніякіх тлумачэнняў.
Па словах Тамары Сяргей, гэтым іх правы былі парушаны. Яны напісалі скаргі на незаконыя дзеянні міліцыі. Тым не менш, суд адбыўся. Прычым ён прайшоў без удзела абвінавачваемых у правапарушэнні. Тамара Сяргей і Валянціна Каваленка аштрафаваныя на 20 базавых велічынь (490 рублёў) , а Любоў Санкевіч на 30 (735 рублёў). Яны будуць абскарджваць гэтыя пастановы суду, а таксама звернуцца ў пракуратуру з заявай на незаконныя, па іх меркаванні, дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя