Журналіста Віктара Парфёненку не акрэдытавалі дзявяты раз
Адмова ў сталай акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў прыйшла на электронную пошту нашаму гарадзенскаму журналісту Віктару Парфёненку.
У адказе пазначана, што камісіяй МЗС па разглядзе пытанняў акрэдытацыі журналістаў замежных сродкаў масавай інфармацыі прынята рашэнне пра адмову ў акрэдытацыі.
Упраўленне інфармацыі і лічбавай дыпламатыі МЗС тлумачыць адмову падпунктам 15.4 пункта 15 Палажэння аб парадку акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь журналістаў замежных сродкаў масавай інфармацыі. Каментуе Віктар Парфёненка:
– Адной з прычын, якую Міністэрства замежных спраў гэтым разам знайшло для сябе – гэта пункт 15.4. У ім пазначана: адмаўляць замежнаму сродку масавай інфармацыі ў акрэдытацыі ў выпадку, калі на працягу шасці месяцаў выяўлены факт выкарыстання паслуг журналістаў і (або) іншых асоб, якія не маюць акрэдытацыі. Гэта абсалютны абсурд – увядзенне такой нормы права, якую дазваляе сабе Міністэрства замежных спраў.
Віктар Парфёненка адзначае, што адсутнасць акрэдытацыі ў МЗС перашкаджае яму выконваць свае прафесійныя абавязкі:
– Гэта перашкаджае нам працаваць у той форме, у тым рэжыме, у якім мы б хацелі. Мы канешне хацелі б атрымаць каментары ад чыноўнікаў пра нейкія падзеі, але ў нас няма такой магчымасці і зноў такі не будзе.
Журналіст з Гародні Віктар Парфёненка раней спрабаваў выкарыстаць таксама судовую сістэму, каб з-за адмоў у акрэдытацыі паскардзіцца на Міністэрства замежных спраў, але безвынікова. Журналіст лічыць такое стаўленне МЗС відавочным парушэннем Канстытуцыі, якая дае права кожнаму грамадзяніна на збор, выкарыстанне і распаўсюд інфармацыі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя