Курапаты



Пратэсты вакол рэстарацыі ля ўрочышча Курапаты працягваюцца. Пра формы пратэсту можам спрачацца, але прынцыпова іншае – ці можна з апетытам павячэраць у такім месцы?

Усё магчыма. Беларусь прыхоўвае ў сабе шмат таямніц. Войны і рэпрэсіі дарма не прайшлі. Пакінулі па сабе і масавыя пахаванні па ўсёй краіне, і масавую ж да іх абыякавасць… Звычка! Рэстарацыя ці кавярня побач з могілкамі? Калі ласка – ніякіх праблем! Жыццё працягваецца… І ўсё ж адна справа – жыць (быць!) побач з могілкамі. Зусім іншая – ладзіць банкет побач з месцам масавых расстрэлаў.

Пакрыўджаны і “пакусаны” аматар шашлыкоў ля рэстарацыі “Поедем поедим” спрачаўся з пратэстоўцамі і сцвярджаў, што ў Курапатах людзей забівалі не супрацоўнікі НКУС, а палякі ды немцы. Вось такое ў чалавека “веданне” гісторыі… Добра, але ж апетыт ў таварыша, які відавочна ненавідзіць і немцаў, і палякаў, ад ведання тых страшных рэчаў не прапаў. Забівалі тут людзей? Забівалі. Есці яму хочацца ўсё роўна. Менавіта тут, побач з Курапатамі. Апетыт не прападае. Жалезныя нервы і зайздросны спакой.

Возьмем іншую гісторыю. Барбершоп “Чэкіст”. Шыкоўная назва для Беларусі. Цырульня для сапраўдных мача… Уладальнік барбершопа Алег Кот раздаваў інтэрв’ю і сцвярджаў, што чэкіст – гэта нармалёва! “Тэматычны ваенізаваны стыль”. Маўляў, чэкіст – “чалавек дагледжаны і паважаны”, нічога крымінальнага. Палітык і прадпрымальнік Зміцер Дашкевіч дазволіў сабе не пагадзіцца з такой назвай і зладзіў пратэст…

Пратэст Дашкевіча хтосьці палічыў гістэрычным нападам на прыватную ўласнасць, як і сённяшнія пратэсты жменькі неабыякавых людзей у Курапатах. Размовы з чэкістамі аб прыватнай уласнасці годзе так у 1937-м выглядалі б недарэчнымі, праўда? У 2018-м застаецца спадзявацца на тое, што есці ў рэстарацыі, знешні выгляд якой нагадвае жытло лагернай адміністрацыі, – савецкай або нямецкай! – стане прыкметай дрэннага густу ў нармалёвых людзей… Але ёсць верагоднасць таго, што нашчадкі той самай лагернай адміністрацыі не дадуць шэрым баракам збанкрутаваць. Праўда жыцця.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ