Помнік савецкаму футбалісту ў Альбярціне
Каля былога флігеля графа Пуслоўскага ў Альбярціне (мікрараён Слоніма) стаіць помнік футбалісту.
Гадоў дзесяць таму размаўляў з Іванам Грабнёвым, які ў 1949-1969 гадах узначальваў Слонімскі раённы камітэт па фізічнай культуры і спорту. Дык ён казаў, што гэты помнік быў пастаўлены ў Альбярціне ў 1950 ці ў 1951 годзе. Кардонна-папяровы завод тады ўзначальваў Барыс Цвяткоў. Дзякуючы яму завод у той час дасягнуў вялікіх вытворчых паказчыкаў. Прадпрыемства было даволі багатае і мела добрыя грошы.Таму „Альбярцін” гэты помнік фінансаваў. Цяпер ён нагадвае той пасляваенны час у Альбярціне. Ды і флігель Пуслоўскіх быў тады пераабсталяваны пад палац спорту. Цяпер ён не працуе, на дзвярах вісяць замкі.
У 1940-1950-я гады помнікаў без узгадненняў вялікіх начальнікаў, як і зараз дарэчы, паставіць было немагчыма, бо жыў яшчэ Сталін і працягваліся рэпрэсіі. Але альбярцінскаму футбалісту усё ж паставілі.
Дарэчы, у пасляваенны час у Альбярціне была футбольная каманда „Альбярцін”. А на варотах стаяў сённяшні лаўрэат Нобелеўскай прэміі фізік Жорэс Алфёраў, які сёння жыве ў Санкт-Пецярбургу. Тады ён з бацькамі жыў у Альбярціне, бо бацька аднаўляў кардонна-папяровы завод.
[Not a valid template]
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім Фота аўтара