„Стары Ольса” даў канцэрт у Варшаве і хоча прыехаць у Беласток



Вядомы беларускі фольк-гурт “Стары Ольса” даў канцэрт у польскай сталіцы.

Гралі музыкі ў незвычайным месцы – камеральным клубе “Склад бутэлек” на пражскім баку горада. Усе квіткі былі распрададзеныя.

Стары Ольса прэзентаваў у Варшаве свой апошні альбом “Вада, хмель і солад”. Культура застольных песняў у Беларусі была надзвычай распаўсюджанай, хоць далёка не ўсе яны былі пра алкагольныя напоі. Прагучала на канцэрце і песня пра паход Давыда Гарадзенскага ў Нямеччыну. Спеў досыць жорсткі, бо апісвае помсту літоўскіх ваяроў на нямецкай жыхарцы, распавёў кіраўнік гурта Зміцер Сасноўскі.

Гэтым летам “Стары Ольса” мае насычаную праграму. У жніўні гурт зайграе на міжнародных спаборніцтвах па стральбе з луку, якія пройдуць у жніўні на Галюбскім замку ў польскім Добжыне.

А на дзень Грунвальдскай бітвы – 15 ліпеня гурт вельмі спадзяецца завітаць у Беласток.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя