Расея забараніла практычна ўсё беларускае мяса
Расея ўвяла забарону на продаж мяса яшчэ з 8 беларускіх прадпрыемстваў. Агулам пад забаронай цяпер пастаўкі з 19 мясакамбінатаў. Падставай рашэння расейскі сельскагаспадарчы нагляд называе наяўнасць мікраарганізмаў і нават геном віруса афрыканскай чумы свіней. Гісторыя гандлёвых войнаў між Расеяй і Беларуссю паказвае, што ў іх аснове ляжыць палітычны складнік, гэтым разам забарона датычыць значнага рээкспарту забароненых у Расеі еўрапейскіх прадуктаў, кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:
– Шмат разоў лавілі за руку, я думаю, што гэта сакрэт полішынэля. Сапраўды, фактычна ідзе шэры экспарт праз Беларусь, тут мае месца вялікі складнік кантрабанды, калі ўжо зусім называць гэта сваімі імёнамі. І Расея дае зразумець беларускаму хаўрусніку, што, як гэта кажуць па-руску, “не надо наглеть”.
Беларускае міністэрства сельскай гаспадаркі заяўляе, што беларускія лабараторыі не пацвярджаюць закіды Расеі, а ў выпадку расейскага эмбарга Беларусь знойдзе іншыя рынкі збыту сельскагаспадарчай прадукцыі.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Беларускую дэлегацыю на перамовах у Маскве ўзначальвае першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка, расейскую — намеснік старшыні ўрада Аркадзь Дварковіч.
У цэнтры ўвагі бакоў — праблемы з пастаўкамі харчавання ў Расею. Бакі абмяркуюць часовую забарону на пастаўкі ў Расейскую Федэрацыю прадукцыі прыблізна 20 беларускіх малака- і мясакамбінатаў, а таксама транзіт цераз Беларусь у Казахстан тавараў з краін Еўрасаюза, якія трапляюць пад санкцыі Расеі. Перамовы будуць доўжыцца адзін дзень, напярэдадні шляхі ўрэгулявання супярэчнасцяў з пастаўкамі прадуктаў з Беларусі абмеркавалі ў Маскве прадстаўнік Беларусі, міністр па прамысловасці Сяргей Сідорскі і кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт. Яны канстатавалі, што прыняцце абмежаванняў не адпавядае мэтам функцыянавання Мытнага саюза.
* * *
Рассельгаснагляд уводзіць забарону на продаж у Расеі мяса яшчэ васьмі беларускіх прадпрыемстваў. Яна ўведзеная ўслед за ўведзенымі двума днямі раней аналагічнымі забаронамі ў дачыненні да 11 кампаній, паведамляе РІА «Новости». На іх прыпадае амаль увесь аб’ём імпарту беларускага мяса ў Расею – блізу 400 тысяч тон сумай не менш за 300 мільёнаў даляраў. Афіцыйна ведамства патлумачыла такія меры выяўленнем у прадукцыі беларускіх кампаній небяспечных для здароўя мікраарганізмаў. Беларускія лабараторыі ў сваю чаргу не знайшлі парушэнняў у прадукцыі мясакамбінатаў, пастаўкі з якіх Расея забараніла ў панядзелак.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота nn.by