Лукашэнка прапанаваў стварыць „IT-экасістэму ШАС” і экспазіцыю „АграШАС”



„Сумесна падумаць над стварэннем агульнай электроннай платформы, скажам, „IT-экасістэмы ШАС”, якая аб’яднае ў сабе магчымасці электронных СМІ, сацыяльных сетак, электроннага гандлю і шмат чаго іншага”, — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

Гэта „дазволіць узмацніць кааперацыю, павысіць канкурэнтаздольнасць нацыянальных эканомік ва ўмовах глабальнага свету, а таксама дапаможа нам арганізаваць бяспеку нашых краін”, заявіў ён, выступаючы 10 чэрвеня ў Цындаа (Кітай).

Беларусь як краіна-ініцыятар і прыхільнік ідэі „інтэграцыі інтэграцый” гатова садзейнічаць выяўленню новых агульных поглядаў і пашырэнню кірункаў супрацоўніцтва ў Вялікі Еўразіі, сказаў Лукашэнка.

„У нашай краіне гэтым мэтам у поўнай меры адпавядае рэалізацыя праекта Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку „Вялікі камень”. За ім нездарма замацавалася назва „жамчужына Шаўковага шляху”. Паспяховае развіццё парку прыцягвае да яго ўсё большую ўвагу замежных кампаній, і не толькі з Беларусі і Кітая, Расіі, але і ўсяго свету, асабліва Еўрапейскага саюза”, — прыводзіць сцвярджэнне афіцыйнага лідара яго прэс-служба.

Вылучаючы прыярытэтнасць эканамічнага вымярэння ШАС, Беларусь, заявіў Лукашэнка, прапаноўвае сваім партнёрам па арганізацыі сумесна папрацаваць над рэалізацыяй „некаторых задач”: умацаванне харчовай бяспекі; умацаванне інфармацыйнай і кібербяспекі, развіццё IT-тэхналогій; умацаванне ядзернай бяспекі і выкарыстанне мірнага атама.

„Беларусь — краіна з традыцыйна моцным і эфэктыўным аграрным сектарам, высокатэхналагічнымі вытворчасцю і сельскагаспадарчым машынабудаваннем. Прапаноўваем задзейнічаць магчымасці нашай дзяржавы па пастаўках прадукцыі ўсіх гэтых галін для ўмацавання харчовай бяспекі ШАС”, — сказаў Лукашэнка.

Ён выступіў з ініцыятывай „у рамках буйнога міжнароднага форуму аграрыяў” „Белагра”, які штогод у чэрвені праходзіць у Мінску, „стварыць спецыялізаваную экспазіцыю „АграШАС” з запрашэннем у наступным годзе паўдзельнічаць у ёй нашых сяброў і партнёраў па арганізацыі”.

Паводле слоў Лукашэнкі, сучасныя тэмпы развіцця тэхналогій нясуць у сабе як новыя магчымасці, так і новыя сур’ёзныя пагрозы і выклікі. „Ні адна дзяржава не можа сабе дазволіць проста закрыцца ці нешта забараніць у гэтай сферы. Проста не зможа”, — лічыць ён.

belapan.by

Фота скрыншот з відэа