Уладальнікі забаўляльнага комплексу адмовілася прыняць зварот абаронцаў Курапатаў



Кіраўніцтва кампаніі, якая мае дачыненне да адкрыцця забаўляльнага комплексу ў Курапатах, 11 чэрвеня адмовілася прыняць зварот прадстаўнікоў грамадскасці.

Некалькі актывістаў, у тым ліку Павел Севярынец і Вячаслаў Сіўчык, сёння прыехалі па адрасе, па якім знаходзіцца офіс забудоўшчыка аб’екта — СТАА „БелРэстІнвест”. Севярынец паведаміў журналістам, што за некалькі хвілін да іх прыезду ён тэлефанаваў у офіс кампаніі, дзе яму сказалі, што кіраўніцтва на месцы няма, і прапанавалі кінуць зварот у паштовую скрыню. Актывісты тэлефанавалі і грукалі ў дзверы офіса, але ім так ніхто і не адкрыў.

У звароце да ўладальнікаў комплексу адзначаецца, што яго размяшчэнне ў непасрэднай блізкасці ад „нацыянальнага некропаля амаральнае і непрымальнае”. „Гэты рэстаран з лазняй, батутамі і дзіцячай пляцоўкай быў пабудаваны вамі незаконна, у ахоўнай зоне Курапатаў. У нашым распараджэнні ёсць дакументы, якія гэта пацвярджаюць. Больш за тое, у далейшых дзеяннях адказных дзяржаўных чыноўнікаў і ўладальнікаў комплексу „Поедем поедим” праглядаецца карупцыйная схема. Мы патрабуем ад вас знесці або перанесці рэстаранна-забаўляльны комплекс”, — гаворыцца ў звароце.

„Уладальнікі хаваюцца, не жадаюць казаць, — заявіў журналістам Севярынец. — Яны робяць выгляд, што іх проста няма. Лічым, што тым, хто будуе рэстараны ў такіх месцах, няма месца ў Беларусі”.

Паводле слоў палітыка, 12 чэрвеня адбудзецца пасяджэнне юрыдычнай групы абаронцаў Курапатаў. Актывісты падрыхтуюць яшчэ адзін зварот, які ў гэты ж дзень плануецца перадаць у Камітэт дзяржкантролю, Генпракуратуру і Мінаблвыканкам.

Абаронцы ўрочышча таксама маюць намер звярнуцца да прэзідэнтаў краін (Ізраіля, Польшчы, Чэхіі, Аўстрыі і Германіі), якія плануюць прыехаць у Беларусь 29 чэрвеня на адкрыццё мемарыяла ў Трасцянцы, каб праінфармаваць іх аб сітуацыі ў Курапатах.

Акцыі супраць адкрыцця забаўляльнага комплексу каля месца масавых расстрэлаў і пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій праходзяць штодня з 31 мая.

belapan.by