У Беларусі ўпершыню ў гэтым годзе зафіксаваная дэфляцыя
У маі 2018 года ў Беларусі ўпершыню ў гэтым годзе назіралася дэфляцыя — пра гэта сведчаць даныя Белстата. Спажывецкія цэны ў параўнанні з красавіком знізіліся на 0,3%, са снежнем 2017-га — выраслі на 2,5%, з маем 2017-га — на 4,4%.
У маі гэтага года ў адносінах да красавіка кошты на харчовыя тавары знізіліся на 0,6% (з пачатку года — выраслі на 1,7%), на нехарчовыя — знізіліся на 0,03% (выраслі на 1,9%), на паслугі — выраслі на 0,1% (на 4,8%).
У 2017 годзе ў Беларусі два месяцы запар назіралася дэфляцыя: у ліпені цэны знізіліся на 0,1%, а ў жніўні на 0,8%. Перш дэфляцыя фіксавалася ў жніўні 2016 года, а да гэтага моманту — толькі ў 2009 годзе.
Па выніках 2017 года зафіксаваная самая нізкая ў гісторыі суверэннай Беларусі інфляцыя — 4,6%. У 2016 годзе спажывецкія цэны выраслі на 10,6%.
Згодна з планамі ўрада, рост спажывецкіх цэн у 2018 годзе павінен скласці не больш за 6% (у першым квартале — 2,7%, за паўгоддзе — 4,1%, за тры кварталы — 4,3%).
Рызыка перавышэння у 2018 годзе прагнозу па інфляцыі павінна быць мінімізаваная, заявіў 28 красавіка прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Савета міністраў. „Інфляцыя ўтрымліваецца ў зададзеных параметрах (2,5% да снежня 2017 года пры прагнозе на першы квартал не больш чым 2,7%). Разам з тым па шэрагу пазіцый, перш за ўсё па некаторых прадуктах харчавання, рост цэн перавышае агульны ўзровень, на гэта звяртаў увагу ўрада кіраўнік дзяржавы на бягучым тыдні. Рызыка перавышэння прагнознага паказчыка па інфляцыі па выніках года павінна быць мінімізаваная”, — запатрабаваў Кабякоў.
„Калі неабходныя дадатковыя рашэнні па стрымліванні неабгрунтаванага росту цэн, уносьце адпаведныя прапановы”, — дадаў кіраўнік урада, звяртаючыся да міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
Эксперты ў каментары БелаПАН адзначалі, што прычынай нізкай інфляцыі з’яўляецца строгая грашова-крэдытная палітыка. Паводле іх прагнозаў, у 2018 годзе, хутчэй за ўсё, інфляцыя будзе трохі паскарацца з-за дырэктыўнага павышэння зарплат, а таксама росту аб’ёмаў спажывецкага крэдытавання і магчымай дэвальвацыі беларускага рубля следам за расійскім.
Як звяртаюць увагу эксперты, насельніцтва адчувае, што цэны ў Беларусі растуць у некалькі разоў хутчэй, чым сведчыць афіцыйная статыстыка. Інфляцыйныя чаканні беларусаў застаюцца высокімі. З нядаўняй справаздачы Нацбанка вынікае, што ў маі беларусы адчувалі гадавую інфляцыю на ўзроўні 12,9%.