У Белавежскай пушчы пачаліся ХХХІI майстар-класы „Сустрэчы Зоркі”



Удзельнікі ХХХІI майстар-класаў „Сустрэчы Зоркі” на працягу тыдня правядуць сустрэчы з самымі яркімі беларускімі літаратарамі, мастакамі і журналістамі.

Пра культавыя ўжо майстар-класы расказвае арганізатарка і ініцыятарка летніку Ганна Кандрацюк-Свярубская:

РР: У Новым Ляўкове ў журналісцкіх майстар-класах ужо ўдзельнічаюць дзеці першых удзельнікаў сустрэч! Можна сказаць, новае пакаленне. Калі Вы пачыналі „Сустрэчы Зоркі”, ці думалі пра такую далёкую перспектыву?

Ганна Кандрацюк-Свярубская: Зразумела, не думалі, што гэта будзе жыць столькі гадоў і развівацца. І мы заўсёды маем больш ахвотных, чым месц на сустрэчах.

РР: Як вядома, удзельнікі – гэта самыя актыўныя дзеці, якія прымаюць удзел у беларускім жыцці, ездзяць на розныя конкурсы і з’яўляюцца фіналістамі і лаўрэатамі прадметнага конкурсу па беларускай мове.

Ганна Кандрацюк-Свярубская: Але, перш за ўсё, каб прыехаць на „Сустрэчы Зоркі”, трэба разумець, што мы тут ствараем газеты. Вучымся журналістыцы. Зразумела, што частка дзяцей прыязджае на сустрэчы, бо для іх гэта форма ўзнагароды. Іх выбіраюць настаўнікі. Але ёсць і тыя, якія самі пішуць, стараюцца. Галоўнае, трэба пісаць. Думаю, што ў наш час, калі схіляемся ў бок непісьменнасці, гэта вельмі важная і адметная рэч у нашым культурным асяродку.

РР: Тут цягам цэлага тыдня дзеці пішуць артыкулы, фельетоны, усе жанры журналістыкі, нават паўстаюць вершы.

Ганна Кандрацюк-Свярубская: Усё залежыць ад атмасферы. Тады паўстаюць не толькі публіцыстычныя жанры, але і вершы, апавяданні. Некаторыя нават песні ствараюць! Творы дзяцей друкуюць на старонках “Зоркі”. Пасля, калі яны вырастаюць, то таксама прымаюць удзел у літаратурным конкурсе “Дэбют”, часта праяўляюць сябе карэспандэнтамі “Нівы”, працуюць у іншых медыя. Маем ужо шмат журналістаў, якія працуюць і ў нашых медыя, і ў польскіх, і ў сусветных.

РР: ХХХІI майстар-класы „Сустрэчы Зоркі” таксама прымеркаваныя да 100-годдзя БНР.

Ганна Кандрацюк-Свярубская: Нам вельмі важна адзначыць 100-годдзе БНР. І мы будзем гэта рабіць праз патрыятычныя  творы ў “Зорцы”, у “Ніве”, але таксама робім тут працяг нашага “зорчынага” конкурсу “Мой герой – беларус”. На конкурс прыйшлі вельмі цікавыя працы. І яны даказалі, што дзеці шукаюць беларусаў сярод сваіх самых блізкіх, у сям’і. Гэта выдатна, таму што мы ўжо усведамляем, што наша беларускасць з крыві, а не з космасу. І гэта пошук сваёй тоеснасці.

Гутарыла Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя