Зварот аргкамітэта 100-годдзя БНР да ўладаў па пытанні памятнай дошкі



Аргкамітэт па адзначэнні стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі накіраваў зварот да старшыні Менгарвыканкама Андрэя Шорца па праблеме замаруджвання справы ўсталявання памятнай шыльды на будынку па вуліцы Валадарскага, 9, у якім 100 гадоў таму была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Нагадаем, што пытанне размяшчэння памятнай дошкі, што была вырабленая 25 гадоў таму скульптарам Алесем Шатэрнікам і чвэрць стагоддзя захоўвалася на сядзібе БНФ, было ўзгоднена з уладамі напярэдадні сёлетняга адзначэння стагоддзя БНР. За кошт ахвяраванняў грамадзянаў была вырабленая новая памятная дошка з бронзы. Мастацкая рада Менгарвыканкаму яшчэ ў красавіку зацвердзіла выгляд дошкі. Аднак, насуперак ранейшым дамоўленасцям, афіцыйнага рашэння Менгарвыканкама пра ўсталяванне мемарыяльнай дошкі да гэтага часу няма.

У звароце нацыянальны арганізацыйны камітэт па адзначэнні стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі падкрэслівае высокі ўзровень мерапрыемстваў, якія адбыліся з нагоды юбілею у сталіцы, але разам з тым выказвае занепакоенасць замаруджваннем справы з усталяваннем раней узгодненай мемарыяльнай шыльды. Грамадскасць просіць Менгарвыканкам разгледзіць хадайніцтва Беларускага Саюзу Мастакоў пра ўсталяванне памятнай шыльды, па якім ужо выкананыя ўсе неабходныя ўзгадненні, і прыняць адпаведнае рашэнне пра ўсталяванне шыльды ў найхутчэйшы тэрмін.

Ад імя нацыянальнага грамадскага арганізацыйнага камітэта па адзначэнні сагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі зварот да Менгарвыканкаму падпісалі: старшыня аргкамітэту, акадэмік Радзім Гарэцкі, мастак Мікола Купава, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, сябра Сойму Партыі БНФ Алесь Жучкоў, сьвятар Леанід Акаловіч, дэпуат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Лявон Баршчэўскі.