БНФ узяў удзел у саміце Альянсу кансерватараў і рэфармістаў у Баку



У Бакінскім саміце “Будуючы супольную будучыню”, што быў арганізаваны Еўрапейскім Альянсам кансерватараў і рэфармістаў, ад БНФ паўдзельнічаў намеснік старшыні партыі Аляксей Янукевіч.

Па яго словах, найбольш плённай і выніковай была дыскусія па пытаннях энергетычнай бяспекі еўрапейскага кантыненту:

– Мне больш за ўсё была цікавая энергетычная незалежнасць Беларусі. І тая палітыка, якую ў прынцыпе зараз ажыццяўляе ўрад Азербайджана ў супрацы з іншымі краінамі , а менавіта – забеспячэнне каналаў дастаўкі нафты і газу ў Еўропу і Беларусь у абыход Расеі. То бок, фактычна стварэнне альтэрнатыўных калідораў для энерганосьбітаў.

Аляксей Янукевіч таксама па выніках саміту адзначыў, што энергетычная незалежнасць як аснова дзяржаўнага суверэнітэту – гэта рэальная перспектыва як для Беларусі, так і для кожнай еўрапейскай нацыі, таму важна развіваць іншыя шляхі дастаўкі энергарэсурсаў.

– Паўднёвы накірунак , у якім Азербайджан з’яўляецца адным з ключавых звенняў, ён развіваецца, і праз Турцыю, і еўрапейскія паўднёвыя краіны энерганосьбіты могуць трапляць у ЕЗ. І тут пытанне і палітычнай волі беларускага кіраўніцтва, і палітычнай волі Еўразвяза пра тое, каб былі створаны палітычныя магчымасці, і гэта не каштуе дорага, для пастаўкі нафты і газу з гэтага рэгіёна ў Беларусь.

З мінулага году Партыя БНФ з’яўляецца паўнапраўным сябрам Еўрапейскага альянсу кансерватараў і рэфармістаў – найбольш дынамічнай агульнаеўрапейскай палітычнай партыі, якая валодае трэцяй па велічыні фракцыяй у Еўрапейскім парламенце.

Гэтым разам чарговая маштабная канферэнцыя Альясу адбылася па-за межамі Еўрапейскага звязу ў краіне-удзельніцы Усходняга партнёрства – у Азербайджане, дзе прымаючым бокам стала партыя Народнага фронту Азербайджана.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя